Аўторак, 05 Красавік 2022

Святара асудзілі на 10 сутак арышту по абвінавачванні ў “пікетаванні” і “экстрэмізме”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пробашча рыма-каталіцкай парафіі святога Апостала Андрэя ў Лынтупах ксяндза Аляксандра Барана 4 красавіка асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, 6 сутак святар ужо правёў за кратамі, таму засталося адбыць яшчэ 4 сутак. На свабоду ён павінен выйсці 8 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі, якую католікі адзначаць 10 красавіка.

Суд адбываўся ў Паставах. Падтрымаць ксяндза Аляксандра прыехалі святары дыяцэзіі, біскуп, законная сястра і парафіянін. Пробашча судзілі за дзеянні ў сацсетках паводле двух адміністрацыйных артыкулаў - 24.23 «несанкцыянаванае пікетаванне» (за выяву бел-чырвона-белага сцяга разам з украінскім сцягам на аватарцы) і 19.11 «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (лайкі і каментары пад публікацыямі інфармацыйных старонак, абвешчаных «экстрэмісцкімі»).

Сведкамі выступілі двое міліцыянтаў, якія прагледзелі старонкі святара і склалі рапарты аб адміністрацыйных парушэннях. Спрэчкі ў судзе працягваліся некалькі гадзін.

«Па логіцы, абвінавачваць абсалютна не было ў чым. Ксёндз Аляксандр цалкам адмаўляў несправядлівае абвінавачванне, тлумачыў усё з пазіцыі хрысціянства: што ягоная місія - быць разам з людзьмі, што бел-чырвона-белы сцяг - гэта знак перамогі уваскрослага Хрыста, што ён не меў ніякіх палітычных намераў. Адвакат цалкам разбіў абвінавачванні, тлумачыў, што яны беспадстаўныя, спасылаўся на Канстытуцыю, і пасля ягонай прамовы была надзея, што ксяндза Аляксандра апраўдаюць. Але гэта не паўплывала на пазіцыю суддзі, які паверыў міліцыянтам, а не святару і ягонаму абаронцу.

Пасля абвяшчэння рашэння святара не затрымалі адразу ў зале суда, а далі гадзіну на тое, каб самому прыйсці для адбывання пакарання. Ксендз Аляксандр з пакорай так і зрабіў.

Павел Жукаў