Інтарэсы Таццяны Туравец на судовае паседжанне 24 траўня прыйшла бараніць іншая адвакатка. Абаронца, якая прадстаўляла інтарэсы Туравец ад самага пачатку, адсутнічала ў сувязі з удзелам у іншым судовым працэсе.
На замену абаронцы Туравец не пагадзілася і хадайнічала перад судом аб пераносе паседжання на іншы час. Выказала жаданне працягнуць працэс з удзелам сваёй адвакаткі, з якой у яе заключаная пісьмовая дамова на адвакацкія паслугі.
Удзельнікі працэсу не пярэчылі, суддзя Наталля Траццякова хадайніцтва Таццяны Туравец задаволіла.
Наступны судовы працэс па справе мусіць адбыцца 26 траўня (пачатак у 10.30).
Нагадаем, у якасці абвінаваўцы ў працэсе выступае пракурор Мікіта Раманоўскі.
Таццяну Туравец абвінавачваюць у тым, што ў лютым 2021 году яна нібыта перашкаджала міліцыянтам рабіць начны ператрус у яе доме. Чыніла ім супраціў, а калі супрацоўнікі Віцебскага РАУС хацелі гвалтам надзець на яе кайданкі – пакусала міліцыянтаў. Жанчыне пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
С. Горкі