Чацвер, 13 Май 2021

Суды за нацыянальную сімволіку ў Полацку: 35 сутак арышту і 2030 рублёў штрафу

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Вольга Папова Вольга Папова

12 траўня Полацкі суд вынес тры пастановы паводле артыкулу 24.23 КаАП за нібыта ўдзел грамадзян у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У выніку – два арышты і адзін штраф у памеры больш за 2000 рублёў.

За сцяг у Грамах

9 траўня сужэнцы Уладзімір і Юлія Яўсеевы разам з сябрамі ў двары свайго прыватнага дому ў мікрараёне Грамы адзначалі свята. Каля 22.00 яны выйшлі на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам. У міліцыю патэлефанавалі суседзі, праз 20 хвілін прыехала міліцыя. Сямейную пару трымалі ў пастарунку да раніцы. Уладзіміра ранкам адпусцілі, а Юлію кінулі на трое сутак у ІЧУ Полацку. Раней іх абодвух ужо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, таму судзілі паводле ч.3 арт. 24.23.

Суддзя Віктар Баліка прызнаў іх вінаватымі ў правапарушэнні паводле арт. 24.23 і пакараў сужэнцаў арыштам і штрафам. Уладзімір Яўсееў асуджаны на 20 сутак арышту, Юлія Яўсеева аштрафаваная на 70 базавых велічынь.

За фотасесію ў лесе

Таксама 12 траўня суддзя Андрэй Дзергачоў пастанавіў пакараць палачанку Вольгу Папову адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Папову абвінавацілі ў фатаграфаванні ў лесе з БЧБ-сцягам. Паводле міліцыянтаў, яна гэтым самым зладзіла незаконнае масавае мерапрыемства. Вольгу Папову таксама судзілі па частцы 3-й арт. 24.23 КаАП. Час суду над Вольгай 12 мая ўтойваўся не толькі ад грамадскасці, але і ад адваката. Сябры жанчыны дзяжурылі каля суду ад 9-й гадзіны раніцы. Толькі ў 16.30 стала вядома час разгляду, калі міліцыянты прывезлі Вольгу і яе справу ў суд.

Вольга Папова была адвольна затрыманая 6 мая праз ілжывае абвінавачванне ў злачынстве (нібыта расфарбавала лаўку ў бел-чырвона-белыя колеры). Тры дні яе ўтрымлівалі ў ІЧУ Полацку, але ў выніку крымінальную справу не завялі. Аднак допыты і псіхалагічны ціск не спынілі і пачалі новы адміністрацыйны працэс - за фота з БЧБ-сцягам. Яшчэ праз трое сутак у ІЧУ яе асудзілі на 15 сутак арышту.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, першыя трое сутак Вольгу Папову трымалі ў адзіночнай камеры і на допыты выводзілі ў кайданках. Перадачы для яе не прымалі.

Сябры Вольгі Паповай чакалі, што яна выйдзе на волю пасля трох сутак і сустракалі яе з кветкамі каля РАУС. Аднак замест Вольгі да чакальцаў выйшаў маёр міліцыі Ігар Емяльянаў і ўчастковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі Віктар Кураш. Усіх, хто сустракаў сяброў, знялі на відэа і перапісалі іх дадзеныя. Емяльянаў сцвярджаў, што ў паводзінах тых, хто чакаў вызвалення сяброў, меліся прыкметы парушэння закона аб масавых мерапрыемствах. Папярэдзіў, што ўсе яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Сябры Вольгі збіраюцца скласці скаргу на дзеянні службовых асобаў.

Аляксандр Марозаў