«Пракурорка просіць пакараць майго мужа 6 гадамі калоніі. Адвакатка настойвае, што мера пакарання мусіць быць не звязаная з пазбаўленнем волі, бо Уладзімір мае інваліднасць, хварэе на анкалогію і выхоўвае дваіх няпоўнагадовых дзяцей. Прысуд абвесцяць у панядзелак 1 сакавіка», – паведаміла жонка Уладзіміра Малахоўскага Ірына.
Справу Уладзіміра Малахоўскага разглядае суддзя Таццяна Родзіна. Сваякоў падсуднага, паплечнікаў і журналістаў на працэс не пускаюць: спасылаюцца на тое, што ў зале суду мала месца. Прапускаюць толькі жонку і ўдзельнікаў працэсу, у тым ліку трох пацярпелых міліцыянтаў. Па словах спадарыні Ірыны, 26 лютага ў судовай зале адна з лавак была перавернутая «дагары нагамі». Але нават у такой сітуацыі хапіла б месца, каб на паседжанні прысутнічалі іншыя слухачы.
Жонка абвінавачанага паведаміла таксама, што на паседжанні ў пятніцу яе муж выглядаў лепш, чым у сераду 24 лютага, калі Уладзіміра некалькі разоў выводзілі з залы «папіць вады». Падчас судовых спрэчак суддзя дазволіла Малахоўскаму, адказваючы на пытанні, не ўставаць з лаўкі. Жонка кажа, што яе муж у СІЗА прастудзіўся і зараз у яго бранхіт.
Паводле абвінавачання, Уладзімір Малахоўскі падчас затрымання на несанкцыянаваным шэсці 13 верасня спрабаваў нанесці траўмуючыя ўдары па розных часцях цела міліцыянтаў, завалодаў міліцэйскім жэтонам, а пазней, ужо будучы затрыманым і знаходзячыся ў аўтазаку, распыліў газ з балончыку ў бок міліцыянтаў.
Адвакатка падчас спрэчак сцвярджала, што факт ужывання балончыку ў аўтазаку застаўся недаказаным.
Пацярпелымі на працэсе выступаюць міліцыянты Юрый Качыхін, Аляксей Емяльянаў і Пазнякоў. Усе трое выставілі грамадзянскія пазовы аб маральнай кампенсацыі на суму 1000 рублёў кожны.
Прысуд агучаць 1 сакавіка ў 10.00.
Зміцер Міраш