Чацвер, 11 Люты 2021

Жанчыну з інваліднасцю 1-й групы аштрафавалі на 1160 рублёў – за цытату з Бібліі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Валянціна Крыштопенка Валянціна Крыштопенка

«Калі ўладарыць бязбожнік – народ стогне» – гэтак гаворыцца ў біблійных прыпавесцях. 56-гадовая Валянціна Крыштопенка сфатаграфавалася з гэтай цытатай на плакаце ў розных месцах пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёну. Міліцыянты пабачылі фотаздымкі ў «Тэлеграме» і завялі супраць жанчыны справу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. 11 лютага суд Віцебскага раёну прызнаў Крыштопенку вінаватай…

Справу Валянціны Крыштопенкі разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 24 снежня 2020 году жанчына, аказваецца, «узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні»: «стаяла з плакатам «Когда господствует нечестивый, народ стенает» у розных месцах пасёлку». На думку супрацоўнікаў МУС, гэтым самым Крыштопенка і парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты сцвярджалі, што відэаролік, створаны на падставе фотаздымкаў, быў размешчаны абвінавачанай у тэлеграм-канале «Віцебск 97%».

Валянціна Крыштопенка сваёй віны не прызнала і заявіла, што ролік у «Тэлеграме» не размяшчала. На яе погляд, артыкул 23.34 быў ужыты да яе неправамерна. «Біблія ў Беларусі не забароненая!» – канстатавала яна на судзе. Больш ніякіх тлумачэнняў не давала.

Суддзя Міхаіл Зубеня, спаслаўшыся на ранейшыя паказанні жанчыны, прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Валянціна Крыштопенка мае інваліднасць 1-й групы і жыве з пенсіі.

Нагадаем, на самым пачатку 2021 году (3 студзеня) у кватэры Валянціны Крыштопенкі міліцыянты правялі ператрус, у выніку якога канфіскавалі плакат з біблійнай цытатай і два тэлефоны.

Валянціну Крыштопенку ўжо тройчы судзілі летась паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пратэставых акцыях. Першы раз папярэдзілі, другі раз аштрафавалі на 7 базавых велічынь, трэці раз – на 25 базавых. Новы штраф (40 б.в.) – амаль максімальны.

Зміцер Міраш