Серада, 10 Люты 2021

Пракурорскі пратэст на спыненне справаў за «пікет у Шпілеўскім лесе» не задаволены

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Таццяна Севярынец і Алена Каснова ў абласным судзе Таццяна Севярынец і Алена Каснова ў абласным судзе

Віцебскі абласны суд 10 лютага разгледзеў пратэст на той момант выканаўцы абавязкаў пракурора гораду Віцебску Кірыла Дубава, які прасіў адмяніць рашэнні судоў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў у дачыненні да Таццяны Севярынец, Алены Касновай, Раісы Кухто, Людмілы Камінскай і Людмілы Валадкевіч. Абласны суд пратэст не задаволіў.

Пратэст пракурора Кірыла Дубава разглядалі суддзі Святлана Іванова і Ірына Смалякова.

Нагадаем, пастановамі суддзяў Веранікі Барысавай і Уладзіміра Царыкава адміністрацыйныя справы супраць грамадзянак, затрыманых у лесе пад Віцебскам 13 студзеня (арт. 23.34 КаАП), былі спыненыя праз недаказанасць вінаватасці. Жанчын, якія займаліся скандынаўскай хадой у лесе за чыгуначнай станцыяй «Лучоса», вінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні.

Пракурор Кірыл Дубаў апратэставаў рашэнні судоў. Паводле пратэсту, суддзямі Барысавай і Царыкавым не былі ў поўнай меры даследаваныя ўсе акалічнасці справы, а высновы былі зробленыя заўчасна «…без належнага даследавання абставінаў правапарушэння». Дубаў патрабаваў пастановы судоў адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд.

Фігуранткі справы даводзілі ў абласным судзе, што пракурорскі пратэст не мае пад сабой аніякіх рэальных падставаў. Пераконвалі, што «не трэба шукаць чорную котку ў чорным пакоі».

Таццяна Севярынец заявіла, што ў судовым паседжанні ўсе міліцыянты паказалі, што ні ў кога з затрыманых не бачылі БЧБ-сцягоў і ніякіх лозунгаў ні ад кога не чулі.

«Не бачылі і не чулі. Пры такіх абставінах падставаў для пачатку новага адміністрацыйнага працэсу няма. Мы не хаваліся, займаліся на вачах у грамадзянаў. І калі б я хацела нешта ўчыніць, то, пэўна, не павяла б людзей у Шпілеўскі лес, бо там праглядваецца ўсё наскрозь. Мелі б намер – зайшлі туды дзе бязлюдна», – тлумачыла Таццяна Севярынец.

Суддзі Іванова і Смалякова пастанавілі пратэст пракурора адхіліць, а рашэнні судоў пакінуць без зменаў. Скасаваныя раней справы ў дачыненні ўдзельніц так званага «пікету ў лесе» па-новаму разглядацца не будуць.

С. Горкі