Анатоля Дзямідава і Дзмітрыя Савянка абвінавачваюць ва ўчыненні, падрыхтоўцы або падбухторванні да ўчынення злачынстваў, прадугледжаных адразу пяццю артыкуламі Крымінальнага кодэксу (КК).
Гэтак, абодвум інкрымінуюць перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Прычым калі Дзямідаву выстаўляецца абвінавачванне толькі па ч. 3 арт. 426 КК, дык Савянку – па ч. 2 і 3. Трэцяя частка артыкулу, між іншым, – гэта «ўчыненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучаныя з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага альбо ўжываннем зброі або спецыяльных сродкаў».
Таксама фігуранты абвінавачваюцца ў падбухторванні да распаўсюду наркотыкаў. У Анатоля Дзямідава – ч.5 арт.16 і ч.2 арт.328 КК, у Дзмітрыя Савянка – ч.5 арт.16 і ч.3 арт. 328 КК. Апроч таго, Савянкову выставілі падрыхтоўку (ч. 1 арт. 13 КК) да распаўсюджвання наркотыкаў (ч. 3 арт. 328 КК).
Разам з тым, Дзямідава абвінавачваюць у заведама ілжывых паказаннях, паяднаных з абвінавачаннем у цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве або са штучным стварэннем доказаў абвінавачання ці ўчыненых з карыслівых мэтаў (арт. 401 КК) і падрыхтоўцы да падобнага ж злачынства (ч. 1 арт. 13 і ч.1, 2 арт. 401 КК), а Савянка – толькі ў падрыхтоўцы (ч.1 арт. 13 i ч.1 арт.401 КК).
У дадатак да гэтага Дзямідаў і Савянок абвінавачваюцца ў перашкодзе яўцы сведкі пацярпелага або дачы імі паказанняў (арт. 403 КК).
Як стала вядома «ННВ», абодва абвінавачаных належалі да сілавых структураў. Прозвішча, імя і імя па бацьку аднаго з фігурантаў цалкам супадае з дадзенымі маёра міліцыі Дзмітрыя Савянка, які займаў пасаду начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Аршанскага РАУС. Апошні раз ён згадваецца ў СМІ на пачатку 2019 году.
Працэс у справе Анатоля Дзямідава і Дзмітрыя Савянка – закрыты, што характэрна для судоў над прадстаўнікамі сілавых структур або органаў улады. Як паведаміла выданню афіцыйная прадстаўніца Віцебскага абласнога суду Наталля Платоненка, слуханні па гэтай крымінальнай справе пачаліся 30 лістапада.