Алегу Яфрэменку пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Карабліна.
Апроч непасрэдных удзельнікаў судовага працэсу, увайсці ў судовую залу дазволілі толькі траім сваякам падсуднага. Слухачоў, праваабаронцаў, журналістаў у залу не пусцілі.
Праваабаронца Павел Левінаў ад імя грамадзянаў, якія не трапілі на працэс, звярнуўся да старшыня суду Першамайскага раёну Андрэя Андрушэнкі па тлумачэнні. Як паведаміў Левінаў пасля візіту, старшыня суду папрасіў праваабаронцу выбачыцца ад ягонага імя перад усімі слухачамі за парушэнне неад’емнага права грамадзянаў на ўдзел у адкрытым судовым паседжанні.
«Я паставіў пытанне наступным чынам: «Калі не хапае месцаў у залах судовых паседжанняў праз захоўванне эпідэміялагічнай дыстанцыі, а таксама з улікам таго, што мы касмічная і IT-дзяржава, – няўжо ж мы не можам забяспечыць галоснасць, выставіўшы гукавыя калонкі ў дадатковую залу, на вуліцу ці калідор? Я ўжо не кажу пра відэатрансляцыю! Гэта неабходна для таго, каб людзі, якія не патрапілі на судовае паседжанне, маглі разумець, што там адбываецца», – патлумачыў Левінаў.
Па словах Левінава, старшыня суду прызнаў прапанову слушнай і паабяцаў, што будзе ўзгадняць яе ў Віцебскім абласным судзе.
Пакуль жа дакладнай і праверанай інфармацыі з паседжання па справе Алега Яфрэменкі не маюць ні праваабаронцы, ні журналісты. Працэс працягнецца 8 снежня. Меркавана, ужо ў сераду будзе абвешчаны прысуд.
Гэта ўжо трэці па ліку працэс у Віцебску па крымінальных справах, распачатых у дачыненні ўдзельнікаў вулічных шэсцяў, якіх звінавацілі ва ўжыванні гвалту да супрацоўнікаў МУС і службовых асобаў (арт. 364 КК, арт. 366 КК). Раней на два з паловай гады зняволення быў асуджаны Аляксандр Кірыленка, на два гады – Андрэй Цімафеенка.
С. Горкі