Аўторак, 03 Лістапад 2020

Уладальніка «Жывемабіля» Андрэя Кулакова аштрафавалі на 405 рублёў – за сярэдні палец супрацоўнікам МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Андрэй Кулакоў на судзе Андрэй Кулакоў на судзе

Віцебскага актывіста Андрэя Кулакова, больш вядомага як уладальніка «Жывемабіля», суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў 3 лістапада на 15 базавых велічынь за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Справу Кулакова разглядаў суддзя Мікалай Атрахімовіч.

Актывіст быў затрыманы 28 кастрычніка супрацоўнікамі міліцыі проста на выхадзе з будынку суду Кастрычніцкага раёну, куды ён прыйшоў на працэс падтрымаць сваіх сяброў. Двое сутак Андрэй Кулакоў правёў у СІЗА, пасля чаго быў вызвалены да суду.

Згодна з пратаколам, Кулакоў, «знаходзячыся каля будынку суду, з хуліганскіх намераў у прысутнасці старонніх асобаў дэманстраваў жэсты ў выглядзе сярэдняга пальца левай рукі ў бок аўтамабіля». У тым аўто сядзелі трое супрацоўнікаў міліцыі, пры гэтым адзін з іх здымаў на відэакамеру.

Як растлумачыў на судзе ўчастковы міліцыянт, яны знаходзіліся там, бо «ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў».

Якія масавыя мерапрыемствы праводзіліся ў той дзень каля будынку суду, супрацоўнік МУС не патлумачыў.

Кулакоў жа заявіў, што такім жэстам ён нікога не думаў пакрыўдзіць, а толькі хацеў «папрасіць людзей спыніць відэаздымкі», хацеў даць ім зразумець, што бачыць, як яго здымаюць.

Уладальнік «Жывемабіля» папрасіў участковага і суддзю патлумачыць, на падставе якога закону гэты канкрэтны жэст з'яўляецца забароненым, і прывёў у прыклад нядаўні выпадак з дацэнтам лінгвістычнага ўніверсітэту Валерыем Пішчыкам, які дэманстраваў падобныя жэсты сваім студэнтам. Ні міліцыянт, ні суддзя нічога не змаглі адказаць на гэта.

Выслухаўшы выступы сведак і прагледзеўшы відэа, суддзя Мікалай Атрахімовіч прызнаў Андрэя Кулакова вінаватым у дробным хуліганстве і прыняў рашэнне аштрафаваць актывіста на 15 базавых велічынь (405 рублёў).

Уладзімір Бяляўскі