Разбор справы Юліі Барсуковай судзьдзя пераносіў да гэтага некалькі разоў: у першы раз – праз адсутнасьць відэаматэрыялаў, а ў другі – праз адсутнасьць сьведак.
Паводле пратаколу, Юлія Барсукова 30 траўня, знаходзячыся каля бізнэс-цэнру «Марка-Сіці» на пікеце па зборы подпісаў, дэманстравала плякат з надпісам «Свабоду Ціханоўскаму!» і партрэтам зьняволенага блогера, а таксама плякат з надпісам «No pasaran». На погляд міліцыі, гэтым самым актывістка парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Міліцыянты Зуеў і Жаголкін, якія прыйшлі 14 ліпеня на суд у якасьці сьведак, прызналіся, што ня бачылі Барсукову на пікеце, не было яе і на прагледжаным відэазапісе. Больш за тое, аказалася, што ў час, пазначаны ў пратаколе (ад 16.00 да 20.00), супрацоўнікі міліцыі адсутнічалі на пікеце і відэаздымкі не рабілі.
На судзе Юлія Барсукова заявіла, што ў той дзень яна брала ўдзел у «абсалютна легальным пікетаваньні для збору подпісаў у межах перадвыбарчай кампаніі» і запатрабавала спыніць адміністрацыйную справу супраць яе.
Судзьдзя Ільля Белавус, не атрымаўшы ніякіх істотных доказаў яе вінаватасьці, пастанавіў у выніку скасаваць адміністрацыйную справу з-за недаказанасьці віны. Ці будуць міліцыянты аспрэчваць гэтае рашэньне ў абласным судзе – пакуль невядома.
У Віцебску гэта першы выпадак, калі справа за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у дачыненьні актывіста была спыненая. Прэцэдэнт створаны. Судзьдзю Ільлю Белавуса праводзілі сёньня з залі судовых паседжаньняў гучнымі аплядысмэнтамі.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.