Аўторак, 07 Ліпень 2020

Уладзімера Кійко пасадзілі на 10 сутак за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Уладзімер Кійко Уладзімер Кійко

Каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебскай вобласьці Уладзімера Кійко затрымалі 6 ліпеня, калі ён явіўся па позьве ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Пасьля складаньня пратаколу актывіста кінулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 7 ліпеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў 10 суткамі арышту.

Справу Кійко разьбіраў судзьдзя Ўладзімер Царыкаў. Працэс адбываўся ў анлайн-рэжыме (праз скайп). На судовым паседжаньні, апроч паплечнікаў Уладзімера Кійко і яго роднага брата Яраслава, прысутнічалі трое міліцыянтаў. Яшчэ двое супрацоўнікаў МУС знаходзіліся за дзьвярыма судовай залі.

Паводле пратаколу, які складаў на актывіста старшы лейтэнант Віталь Праліч, Уладзімер Кійко 19 чэрвеня актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаваньні: стаяў у ланцугу зь людзей, якія выказвалі пратэст супраць затрыманых прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва. Таксама – пляскаў у далоні, чым, паводле міліцыянтаў, «выказваў грамадзка-палітычныя ды іншыя інтарэсы».

Уладзімер Кійко сваёй віны не прызнаў. Заявіў на судзе, што браў удзел у цалкам легальным пікетаваньні для збору подпісаў, бо зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Апытаны на судзе міліцыянт Праліч так і ня змог уцямна патлумачыць, якім чынам людзі, якія пляскалі ў далоні, маглі выказваць свае грамадзка-палітычныя інтарэсы.

Судзьдзя Царыкаў і міліцыянт Праліч падчас судовага працэсу

Пасьля агляду матэрыялаў справы судзьдзя Ўладзімер Царыкаў амаль 15 хвілін (за гэты час пасьпеў выдаліць з залі чатырох слухачоў) агучваў высновы, да якіх прыйшоў у выніку паседжаньня. Цытаваў нават 35-ы артыкул Канстытуцыі, які гарантуе свабоду сходаў, мітынгаў і мірных шэсьцяў. Але вэрдыкт вынес цалкам чаканы: прызнаў Уладзімера Кійко вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

Уладзімер Кійко будзе знаходзіцца за кратамі віцебскага ІЧУ да 16 ліпеня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.