Справу Юліі Барсуковай разглядаў судзьдзя Уладзімер Царыкаў. Паводле міліцэйскага пратаколу, 7 траўня віцяблянка апублікавала ў Тэлеграм-чаце «Страна для жизни» паведамленьне з заклікам прыйсьці 10 траўня на плошчу Леніна ў Воршы, каб зладзіць масавае мерапрыемства. На думку міліцыянтаў – несанкцыянаванае. Тым самым Барсукова парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП).
Юлія Барсукова віны не прызнала, хоць і не адмаўляла таго, што магла разьмясьціць такое паведамленьне ў чаце. У якасьці адзінага доказу яе вінаватасьці міліцыянты прыклалі да справы раздрукоўку скрына з паведамленьня ў Тэлеграме. Судзьдзі Царыкаву гэтага было дастаткова, каб прызнаць жанчыну вінаватай і пакараць яе штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).
«Гэта ня суд, а судзілішча! Паказальнае запалохваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі», – сказала на судзе Юлія Барсукова.
У той жа дзень, 29 траўня, суд Чыгуначнага раёну Віцебску (судзьдзя Алена Грабянчук) аштрафаваў актывіста Аляксандра Ільінца на 25 базавых велічынь (675 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым у правапарушэньні па тым жа артыкуле 23.34 КаАП. Паводле суду, віна мужчыны была ў тым, што 30 красавіка ён узяў удзел у стрыме блогера Ціханоўскага.
Нагадаем, 11 траўня той самы суд пакараў Ільінца 5 суткамі арышту за «кармленьне галубоў» у Віцебску.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!