Пятніца, 24 Красавік 2020

Блогерку Вольгу Жураўскую зноў аштрафавалі на 810 рублёў: «кашляла і стварала паніку»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Вольга Жураўская Вольга Жураўская

24 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай («Снимать разрешено»). Пратакол на яе быў складзены паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Блогерку судзілі за тое, што 20 сакавіка ў памяшканьні сьледчага камітэту яна сеяла паніку і кашляла на супрацоўнікаў, да таго ж – здымала ўсё на камэру.

Судовае паседжаньне вяла судзьдзя Вераніка Барысава. Першапачаткова суд меўся адбыцца а 10-й гадзіне.

Як расказала Вольга Жураўская, яна хадайнічала аб пераносе паседжаньня на іншы дзень. Судзьдзя спачатку пагадзілася, але неўзабаве перадумала і прызначыла разбор на 16 гадзінаў. Прапанавала таксама правесьці суд праз Skyp, але блогерка адмовілася.

У якасьці сьведкі ў судзе выступіў супрацоўнік МУС Шчаглоў, які пацьвердзіў праўдзівасьць выкладзеных у пратаколе фактаў. Маўляў, блогерка, заявіўшы пра наяўнасьць у яе віруснай інфэкцыі, мела намер выклікаць у прысутных паніку. Пры гэтым яна без дазволу вяла відэафіксацыю таго, што адбывалася.

Выслухаўшы аргумэнты двух бакоў і з улікам таго, што Вольга мае двух непаўнагадовых дзяцей і знаходзіцца ў цяжкіх жыцьцёвых умовах, судзьдзя Вераніка Барысава аштрафавала блогерку на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).

«Усё гэта робіцца з адной мэтай: закрыць мне рот. Аўдыторыя расьце, людзі пачынаюць думаць – значыць будуць і дзеяньні. У хуткім часе выбары, трэба зьбіраць сродкі, таму ціснуць на актыўных людзей, а я лічу, што блогеры – гэта актыўныя людзі», – пракамэнтавала рашэньне суду Вольга Жураўская.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.