Кар’ерны рост Аляксандра Снарава пачаўся ў 2013 годзе, калі ён узначаліў сельгаспрадпрыемства «Крынкі» Лёзьненскага раёну. У сьнежні 2015 году быў прызначаны на пасаду старшыні Шумілінскага райвыканкаму, дзе адпрацаваў да лістападу 2018-га. Апошнім часам, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, выконваў абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства «Новая Дуброва-агра» у Лёзьненскім раёне.
30 студзеня, выступаючы ў судзе з апошнім словам, Аляксандар Снараў сваёй віны не прызнаў.
Аляксандар Снараў на судзе
Ён запэўніваў, што на усіх пасадах «імкнуўся працаваць з душой». У якасьці прыкладу абвінавачаны агучыў шэраг лічбаў, згодна зь якімі падчас ягонага кіраўніцтва прадпрыемствамі «Крынкі» і «Новая Дуброва-агра» эканамічная статыстыка палепшала. Паводле Снарава, там павялічваліся паказчыкі па нарыхтоўцы збожжа, рапсу, надоях малака і яго рэалізацыі, павялічвалася пагалоўе, рос заробак.
Узялі пад варту ў залі суду
Прысуд агучылі 5 лютага. Са згоды абвінавачанага і ягонага адваката судзьдзя Тацяна Дашкевіч агучыла толькі выніковую частку прысуду.
Згодна з выракам, былы кіраўнік Шумілінскага раёну прызнаны вінаватым у службовай падмене, наўмысным нанясеньні шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам праз злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Суд прызнаў Аляксандра Снарава вінаватым і ва ўхіленьні ад пагашэньня буйной крэдыторскай запазычанасьці.
З улікам папярэдніх высноваў і паводле сукупнасьці крымінальных злачынстваў шляхам частковага складаньня тэрмінаў, прызначаных па кожным артыкуле, суд пазбавіў Снарава свабоды «на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў».
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду была зьмененая і мера ўтрыманьня: Аляксандра Снарава неадкладна узялі пад варту ў судовай залі.
Акрамя таго, суд вынес пастанову аб спыненьні крымінальнага перасьледу абвінавачанага па ч.2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна) у сувязі з адмовай дзяржаўнага абвінаваўцы ад абвінавачваньня ў гэтай частцы.
С. Горкі