Чацвер, 04 Красавік 2019

Віцяблянін паспрабуе спагнаць зь міліцыі грошы за сьцяг, зьнішчаны на БНР-100

Ацаніць гэты матэрыял
(19 галасоў)
Сьцяг Качурца, зьнішчаны міліцыяй Сьцяг Качурца, зьнішчаны міліцыяй

У чацьвер 11 красавіка віцебскага актывіста Міколу Качурца будуць судзіць за сьцяг на Дзень Волі – 2019, а напярэдадні, 10 красавіка, суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзіць ягоны пазоў да міліцыі аб кампэнсацыі шкоды за зьнішчаны сьцяг на Дзень Волі ў 2018 годзе.

Мікола Качурэц расказаў, што адказчыкам у гэтай грамадзянскай справе выступае АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску. Паседжаньне адбудзецца ў Першамайскім судзе і распачнецца а 10-й гадзіне.

Нагадаем, у 2018 годзе на Дзень Волі Мікола Качурэц выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніку князю Альгерду ў Віцебску, быў затрыманы і на наступны дзень аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 30 базавых велічынь (ч.2 арт. 23.34 КаАП і 23.4 КаАП). Абласны суд пакінуў пастанову бязь зьменаў. Але 25 жніўня старшыня аблсуду адмяніў рашэньне Кастрычніцкага суду і накіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд. Аднак і праз два месяцы пасьля адмены пастановы справа не была разгледжаная, таму 27 кастрычніка яе скасавалі.

Пасьля скасаваньня справы Качурэц зьвярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС, каб яму вярнулі ягоны сьцяг з дрэўкам. Але атрымаў адказ, што “дадзены сьцяг на захоўваньні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адсутнічае”. Як стала вядома, сьцяг быў зьнішчаны.

Мікола Качурэц у Кастрычніцкім судзе Віцебску. 2018 год

У пазове да Кастрычніцкага РАУС Мікола Качурэц просіць суд спагнаць з адказчыка нанесеную яму матэрыяльную шкоду ў памеры 42 рублёў.

Суды ў Віцебску 10 і 11 красавіка

  • 10 красавіка: суд Першамайскага раёну, справа Міколы Качурца аб спагнаньні шкоды з Кастрычніцкага РАУС за зьнішчаны бел-чырвона-белы сьцяг (на Дзень Волі – 2018). Пачатак – 10.00.
  • 11 красавіка: суд Кастрычніцкага раёну, разгляд адміністрацыйных справаў супраць Міколы Качурца, Яраслава Кійко і Уладзімера Кійко – за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам на Дзень Волі – 2019.

Зьміцер Міраш