Панядзелак, 26 Сакавік 2018

Віцебчука аштрафавалі на 735 рублёў за нацыянальны сьцяг каля Альгерда на #БНР100

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікола Качурац у Кастрычніцкім судзе Віцебску Мікола Качурац у Кастрычніцкім судзе Віцебску

Віцяблянін Мікола Качурэц быў затрыманы 25 сакавіка а палове 12-й, калі прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам да помніку Альгерду ў Віцебску. Актывіст правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзілі яго 26 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску.

Адміністрацыйную справу разглядаў судзьдзя Уладзімер Царыкаў. Паводле пратаколу, актывіст абвінавачваўся ў зьдзяйсьненьні правапарушэньняў,  прадугледжаных ч.2 арт. 23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і арт. 23.4 КаАП (Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы).

Сваёй віны 59-гадовы Мікола Качурэц не прызнаў.

Хацеў упэўніцца, што паявілася свабода…

У судзе Мікола Качурэц патлумачыў, што выйшаў са сьцягам да помніку князю Альгерду, бо “хацеў упэўніцца, што ў нашай краіне паявілася свабода і дэмакратыя”. Прастаяў побач з замацаваным на лаўцы сьцягам каля 25 хвілін, пакуль да яго не падышоў чалавек у цывільным адзеньні, які назваў сябе падпалкоўнікам міліцыі.

Мікола Качурэц пакараны за бел-чырвона-белы сьцяг каля Альгерда на 100-годзьдзе БНР

Высьветлілася, што затрымліваў Качурца намесьнік начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску Аляксей Захаранкаў. Паводле словаў абвінавачанага, міліцыянт выбіў у яго тэлефон, калі той пачаў здымаць ягонае пасьведчаньне, і адразу пацягнуў у машыну, не патлумачыўшы прычыну затрыманьня.

Падпалкоўнік Захаранкаў выступіў у судзе ў якасьці сьведкі. Пацьвердзіў, што быў у цывільным адзеньні, калі праводзіў затрыманьне. Сьцьвярджаў, што папярэджваў абвінавачанага аб адказнасьці і тлумачыў яму прычыну затрыманьня.

Гэта было не затрыманьне, а выкраданьне

Мікола Качурэц назваў паказаньні сьведкі хлусьнёй. “Гэта было не затрыманьне. Я лічу, гэта было маім выкраданьнем”, – заявіў у судзе абвінавачаны. Пасьля папрасіў суд вынесьці рашэньне як мага хутчэй, бо “і так усё ясна”.

“Ужо 24 гады жыву пры гэтым рэжыме, дык ужо цалкам упэўніўся, як і большая частка насельніцтва, што міліцыя і суд у Беларусі – гэта адзіны і суцэльны рэпрэсіўны мэханізм. Так што, калі ласка, заканчвайце як мага хутчэй”, – папрасіў Мікола Качурэц.

Паводле рашэньня суду, Качурэц быў прызнаны вінаватым і аштрафаваны на 26 б.в. за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і на 12 б.в – за непадпарадкаваньне службовай асобе (23.4 КаАП). Але ў сукупнасьці (суд выкарыстаў частковае сумаваньне пакараньняў) атрымаў агульны штраф у памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў). Адабраны сьцяг суд вырашыў канфіскаваць.

Як за гэта можна караць? Гэта абсурд!

Адразу пасьля судовага паседжаньня Мікола Качурэц назваў сваё затрыманьне ў сьвяточны дзень 100-годзьдзя БНР і сёньняшняе рашэньне суду абсурдам.

“Я выйшаў са сьцягам, каб людзі бачылі, што нехта ў Віцебску яшчэ змагаецца, і што ёсьць людзі, якія не зьвяртаюць увагу на забароны.

Я лічу, што жыву ў сваёй краіне, у якой магу ўзяць сьцяг і выйсьці, не пытаючыся дазволу ў нейкіх чыноўнікаў. Так павінна быць!

Тым больш, што гэты сьцяг быў раней дзяржаўным. Як за яго наогул можна караць? Пагатоў - на такое сьвята і каля помніка Альгерду? Гэта абсурд!” – сказаў Мікола Качурэц.

Прызнаўся таксама, што ведаў пра дазволены ўладамі мітынг і пра тое, што арганізатары адмовіліся яго праводзіць, таму вырашыў дзейнічаць у адзіночку. Паведаміў, што ў ІЧУ цалкам адмаўляўся ад ежы і пітва.  

Зьміцер Міраш, фота аўтара