Вікторыя была затрыманая 26 сакавіка на плошчы Перамогі адразу пасьля несанкцыянаванай акцыі «недармаедаў» і прысуджаная судзьдзёй Алесяй Жарыкавай да штрафу ў 30 базавых велічыняў паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 (частка 1) за ўдзел у двух акцыях – 25 і 26 сакавіка.
Скаргу Вікторыі Гром на пастанову суду першай інстанцыі, якім яна была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці, разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова. Судзьдзю аблсуду асабліва цікавіла пытаньне, што яна рабіла на плошчы падчас акцыі.
Падчас паседжаньня высьветлілася, што Вікторыя на плошчы Перамогі у Дзень Волі ня проста стаяла, але і адважылася даць інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню СТВ.
«Я падумала, што калі дзяржаўнае тэлебачаньне бярэ інтэрвію ў людзей на плошчы, то і праблем не павінна ўзьнікнуць. І пагадзілася пагутарыць з журналістамі», – апраўдвала сваю адвагу Вікторыя.
Таксама Вікторыя паскардзілася на тое, што судзьдзя Жарыкава, прымаючы рашэньне, ня зважыла на яе цяжкае фінансавае становішча: «690 рублёў – гэта тры мае месячныя аклады! Я ў разводзе і выхоўваю маленькае дзіця. Адкуль я вазьму такія грошы?»
На што судзьдзя Іванова адказала: «Вы можаце папрасіць, каб вам далі растэрміноўку».
Вось такая ў нас добрая судовая сыстэма – клапоціцца пра людзей. Мабыць, неўзабаве будуць і пазыкі прапаноўваць на аплату штрафаў.
Выслухаўшы ўсе довады Вікторыі, судзьдзя, як і варта было чакаць, пастанавіла пакінуць бязь зьменаў рашэньне судзьдзі Жарыкавай, а яе скаргу – без задавальненьня.
Уладзімер Бяляўскі