Працэс, ініцыяваны віцебскімі апазыцыянэрамі супраць гарадзкой паліклінікі, распачаўся ў Кастрычніцкім райсудзе. Яго вядзе судзьдзя Ігар Рымша. 12 сакавіка адбыліся папярэднія слуханьні. Пазыцыю цэнтральнай паліклінікі Віцебску прадстаўляў юрысконсульт гэтае ўстановы. Аспрэчыць яе спрабаваў кіраўнік абласной арганізацыі руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў, адзін з ініцыятараў правядзеньня мітынгу 25 сакавіка ў парку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ.
Зьвярнуцца ў суд ён быў вымушаны, каб выканаць рашэньне гарвыканкаму. Там гаворыцца, што заяўнік масавай акцыі мусіць прыкласьці да свае заяўкі таксама і дамовы на абслугоўваньне са службамі ЖКГ, абласной міліцэйскай управай і цэнтральнай гарадзкой паліклінікай. Галоўурач цэнтральнай паліклінікі адмовіў актывісту, спаслаўшыся на звышзанятасьць лекараў падчас піку сэзонных захворваньняў. Прычым гэтую зьяву ён «прадказаў» за месяц.
Спадар Жаляпаў лічыць адмову незаконнай: «Паліклініка нам адмаўляе: маўляў, у нас тут можа быць эпідэмія, можа быць шмат хворых, і на вас у нас няма сілаў. Але я не разумею: ёсьць рашэньне гарвыканкаму, дзе чорным па белым напісана, што заяўнік мусіць заключыць дамову менавіта з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай. Паліклініка таксама гарадзкая, дык чаму яна тое рашэньне не выконвае?»
Скаргу ў Кастрычніцкі райсуд дапамагаў складаць юрыст Аляксей Гаўруцікаў, сябра і аднапартыец Мікалая Статкевіча, а таксама — другі заяўнік акцыі на Дзень Волі. Спадар Гаўруцікаў дадае юрыдычныя аргумэнты: «Грамадзянскі кодэкс рэглямэнтуе такі панятак, як „публічная дамова“. Калі гэта мэдычная ўстанова, калі ёй, згодна з законам аб мэдычным абслугоўваньні, дазваляецца аказваць мэдычныя паслугі насельніцтву, калі рашэньнем гарвыканкаму вызначана менавіта гэтая ўстанова для абслугоўваньня масавых акцыяў, дык усё зводзіцца да аднаго: няма падстаў для адмовы. Прычым нікому, нават калі мы — апазыцыя, апанэнты цяперашняга рэжыму. А нас ня хочуць абслугоўваць!»
У судзе прадстаўнік паліклінікі заявіў, што мэдычнае абслугоўваньне масавай акцыі — гэта дзяжурства машыны хуткай дапамогі. І што толькі гэтая структура мае ліцэнзію на абслугоўваньне з выкарыстаньнем спэцтэхнікі. А ўласна паліклініка — ня мае. Такі аргумэнт прагучаў упершыню. Дасюль вялося толькі пра «сэзонныя захворваньні» ды загружанасьць мэдыкаў. Амаль аднолькавыя адмовы ад галоўурача цэнтральнай гарадзкой паліклінікі атрымалі і спадар Жаляпаў, і старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён таксама зьвярнуўся па дазвол на правядзеньне мітынгу, толькі ў іншым месцы — у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Спадар Аўтухоў напісаў шэраг скаргаў на падман з боку кіраўніка мэдычнай установы.
Леанід Аўтухоў: «Я зьвяртаўся ў аблвыканкам, у гарвыканкам і ў пракуратуру. Бо тут нехта хлусіць: ці то міністар, ці то мясцовы чыноўнік. Міністар аховы здароўя кажа — артыкулы былі ў абласных і раённых газэтах за 27-га лютага, — што няма ў нас ніякіх сэзонных захворваньняў, што ўсе лякарні працуюць у звычайным рэжыме. А другі піша, што ўсе ў Віцебску хварэюць, проста з ног валяцца. І мэдыкі працуюць круглыя суткі, дык што часу ў іх няма аказаць дапамогу, калі камусь стане кепска падчас мітынгу».
Судзьдзя Ігар Рымша запатрабаваў, каб на наступнае пасяджэньне 14 сакавіка цэнтральная паліклініка падала дакумэнты, якія вызначаюць, хто мае права аказваць мэдычныя паслугі з выкарыстаньнем машын хуткай дапамогі. Калі паліклініка такой ліцэнзіі ня мае, то незразумела, чаму гарвыканкам змушае заяўнікаў зьвяртацца менавіта туды. Растлумачыць гэта ў судзе не было каму: прадстаўнікі гарадзкіх уладаў у суд не зьявіліся.