Праваабаронцы і журналісты, які прыйшлі ў суд падтрымаць Любоў Кавалёву, трапілі ў залю паседжаньняў толькі дзякуючы ўласнай настойлівасьці: чальцы судовай калегіі спрабавалі перашкодзіць іх прысутнасьці на паседжаньні — нібыта з прычыны недахопу месцаў. Скаргу маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва разглядалі гадзіну.
Рашэньне калегіі Менскага гарадзкога суду Любоў Кавалёва пракамэнтавала гэтак: «Нічога новага я і не спадзявалася пачуць: дзяржава ўсяляк спрабуе нас „адфутболіць“ — скажам мякка. Але адмоўны адказ — гэта таксама адказ. Мы ня будзем спыняцца, будзем зьвяртацца ў іншыя інстанцыі».
Любоў Кавалёва і яе дачка Тацяна Казяр спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці Камітэт дзяржбясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахаваньня расстралянага Ўладзіслава. Паводле ўладных структураў, такое права ім дае Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Родныя Ўладзіслава Кавалёва, у сваю чаргу, апэлююць да рашэньня Камітэту ААН па правах чалавека, які называе гэтыя дзеяньні жорсткім і бесчалавечным абыходжаньнем.
Упершыню ў працэсе, зьвязаным са справай Уладзіслава Кавалёва, узяў удзел расейскі адвакат Сяргей Галубок, які гэтак пракамэнтаваў зьмест і сутнасьць працэсу: «Станоўчым вынікам сёньняшняга судовага паседжаньня стала тое, што ў працэс быў дапушчаны адвакат, які мае пасьведчаньне, выдадзенае органамі юстыцыі Расейскай Фэдэрацыі. Бо нікому не сакрэт, што калегі ў Беларусі зазнаюць вельмі моцны ціск, калі ўдзельнічаюць у гэтакіх працэсах. Па сутнасьці справы хачу сказаць, што Беларусь чарговым разам нічога ня робіць, каб хоць бы стварыць уражаньне, што выконваецца рашэньне Камітэту па правох чалавека ААН — органа, створанага на падставе міжнароднай дамовы, удзельнікам якога Беларусь зьяўляецца з 70-гадоў і кампэтэнцыю якога прызнала ў 1992 годзе.
«Такіх краін, якія адкрыта не выконваюць рашэньне Камітэту па правох чалавека, у сьвеце толькі дзьве: як ні дзіўна — гэта Шры-Лянка, з прэзыдэнтам якой сёньня сустракаюцца найвышэйшыя службовыя асобы ў Беларусі, і сама Беларусь — ня думаю, што гэта самая годная кампанія. Да прыкладу, Расейская Фэдэрацыя стараецца прымаць меры па выкананьні рашэньняў Камітэту ААН. Гэта не заўсёды атрымліваецца, але пазыцыя расейскіх судоў такая, што гэта не пустая папера. Беларусь у асобе сваіх судоў працягвае заяўляць, што мы не зьвяртаем увагі на рашэньне Камітэту ААН па правох чалавека. І насамрэч гаворка не вядзецца пра тое, каб адмяніць прысуд, каб вярнуць тое, чаго вярнуць ужо немагчыма. Гаворка пра тое, каб спыніць працяг бесчалавечнага стаўленьня да сваякоў пакаранага, бо гэткае стаўленьне па-ранейшаму працягваецца», — сказаў расейскі адвакат.
Крыніца: Радыё Свабода