Усе гэтыя тры інстанцыі аргумэнтавалі сваю пазыцыю, абапіраючыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму аб правядзеньні масавых акцыяў, гаворыць Аляксей Гаўруцікаў:
“28 верасьня мы зьбіраліся правесьці шэсьце і мітынг салідарнасьці з урачом Ігарам Пастновым, які на той час знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. Хацелі выказаць пратэст супраць выкарыстаньня псыхіятрычных мэдычных установаў супраць грамадзянаў, якія выказваюць сваю нязгоду з уладамі. Але атрымалі забарону ад гарвыканкаму – маўляў, мы не прыклалі дамоваў на абслугоўваньне акцыяў, што патрабуецца ў адпаведнасьці з рашэньнем гарвыканкаму. Але ў тым рашэньні ня згадваюцца шэсьці – толькі пікеты і мітынгі. Адпаведна, у нас быў шанец атрымаць дазвол без уліку гэтага рашэньня. Аднак чыноўнікі вырашылі іначай, Кастрычніцкі райсуд падтрымаў гэтае рашэньне. І пастанавіў, што нам адмоўлена ў правядзеньні акцыяў на законных падставах. Цяпер і абласны суд падтрымаў гэтую пазыцыю”.
Аляксей Гаўруцікаў падкрэсьлівае, што рашэньне гарвыканкаму № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску” практычна невыканальнае, і што менавіта яно – галоўная перашкода, каб скарыстацца з права на арганізацыю масавых акцыяў:
“Усе нашы ранейшыя спробы напярэдадні пікетаў ці мітынгаў заключыць дамовы з адказнымі структурамі канчаліся крахам. Ні міліцыя, ні цэнтральная гарадзкая паліклініка не пагаджаюцца на супрацоўніцтва, пакуль няма дазволу на акцыю ад органу ўлады. А ўладныя структуры патрабуюць такіх дамоваў. Атрымліваецца зачараванае кола, у якім мы круцімся ўжо тры з паловай гады. За гэты час віцебскім апазыцыянэрам не ўдалося атрымаць ніводнага дазволу на правядзеньне масавых акцыяў”.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"