Аўторак, 12 Сакавік 2013

Маці Ўладзіслава Кавалёва хоча ведаць, дзе цела яе сына

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Любоў Кавалёва Любоў Кавалёва

13 сакавіка ў Менску на прэс-канфэрэнцыі, прымеркаванай да гадавіны растрэлу Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, маці пакаранага за суўдзел у тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва і праваабаронцы распачынаюць сэрыю дзеяньняў з мэтай дамагчыся ад уладаў інфармацыі пра месца яго пахаваньня і выдачы цела. Апошняе спатканьне Любові Кавалёвай з асуджаным на пакараньне сьмерцю сынам адбылася ў сьледчым ізалятары (СІЗА) КДБ 11 сакавіка 2012 году. Маці пакаранага і праваабаронцы лічаць, што Ўладзіслаў быў пакараны ў пэрыяд з 12 па 15 сакавіка. Дакладнай інфармацыі няма.

Проста на прэсавай канферэнцыі Любоў Кавалёва падпісала заявы ў адрас дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, КДБ і старшыні Вярхоўнага суду з просьбай паведаміць, які ворган выканаў сьмяротны прысуд у дачыненьні да ейнага сына. Як выказаў здагадку праваабаронца Раман Кісьляк, гэта можа быць альбо сьледчы ізалятар № 1 МУС, дзе звычайна ўтрымліваюцца “сьмяротнікі”, альбо СІЗА КДБ, у якім утрымліваўся Кавалёў. “Усталяваньне воргану, які прывёў ў выкананьне прысуд, неабходнае, каб разумець, як дзейнічаць далей, ад каго дамагацца адказаў”, - сказаў Кісьляк. Наступным дзеяньнем, паводле яго слоў, стане патрабаваньне аб раскрыцьці месца пахаваньня Кавалёва.

Адказваючы на пытаньне, якімі заканадаўчымі актамі маюць намер кіравацца праваабаронцы, каб дамагчыся выдачы цела, калі гэта не прадугледжана беларускім заканадаўствам, Кісьляк спаслаўся на рашэньне Камітэту па правох чалавека ААН па справе Кавалёва. У ім, са спасылкай на міжнародныя нормы, адзначаецца: ўтойваньне гэткай інфармацыі ад сваякоў пакараных зьяўляецца “бесчалавечным абыходжаньнем”. Кісьляк таксама заявіў, што праваабаронцы маюць намер дамагацца выключэньні з заканадаўства Беларусі нормы, згодна зь якой цела пакаранага не выдаецца сваякам.

Як паведаміла журналістам Любоў Кавалёва, яна атрымала адказ на наглядную скаргу зь Вярхоўнага суду, якую адвакат Станіслаў Абразей падаваў яшчэ ў верасьні 2012 году. Адказ за подпісам старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы нядаўна знайшоўся ў юрыдычнай кансультацыі № 2 Ленінскага раёна Менску, у якой працуе Абразей. Высьветлілася, што ён быў складзены яшчэ ў лістападзе 2012 году. “Вярхоўны суд у асобе Сукалы не знайшоў ніякіх парушэньняў норм Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. У ім адзначаецца, што Ўладу было дадзена дастаткова часу на абарону”, - распавяла маці пакаранага.

Праваабаронца Павал Левінаў дадаў: калі наглядная скарга была складзеная на 23 старонках, дык адказ заняў менш за 12 старонак. “Гэта чарговы плявок у адрас грамадзянскай супольнасьці”, - падкрэсьліў Левінаў. Што тычыцца сям’і другога пакаранага па справе аб тэрарызьме, Дзьмітрыя Канавалава, дык, паводле слоў Левінава, яна па-ранейшаму пазьбягае якіх-небудзь кантактаў. Як адзначыў віцебскі праваабаронца, адразу пасьля тэракту ў менскім мэтро, а таксама пад час суду і пэўны час пасьля яго сям’я Канавалава знаходзілася пад аховай, і выйсьці на кантакт зь імі было практычна немагчыма.

“Можна меркаваць, на сям’ю надзвычай моцна ціснулі. Цяпер ахова зьнятая, але сям’я ні на якія кантакты ні з журналістамі, ні з праваабаронцамі, ні нават зь Любоўю Кавалёвай, якая жыве ў суседнім доме, не ідзе. Яны імкнуцца, нават калі бачаць яе, перайсьці на другі бок, каб раптам не адбылася нейкая размова. Я ведаю, што ў адзін з момантаў Любові Кавалёвай ўдалося перагаварыць з мамай Дзімы Канавалава, і тая паабяцала выйсьці на размову, але сказала, што павінна параіцца з мужам. Але пасьля гэтай рады ўсё зноў было абгароджана зялезнай заслонай”, - распавёў Левінаў.

Навіны.by