Субота, 09 Чэрвень 2018

На Гагарына ў Віцебску зруйнуюць два дамы і спляжаць шмат дрэваў – абмеркаваньне ад 20 чэрвеня

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Камяніца на Гагарына-10 у Віцебску Камяніца на Гагарына-10 у Віцебску

Ад 20 чэрвеня пачнецца грамадзкае абмеркаваньне архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі будаўніцтва жылога дому насупраць заводу “Сьцяг Індустрыялізацыі” на вуліцы Гагарына ў Віцебску. Згодна з перадпраектнай дакумэнтацыяй, будуць зруйнаваныя два трохпавярховікі і сьсечаная “вялікая колькасьць дрэваў”. Пад знос пойдуць дамы №8 і №10.

На месцы гэтых дамоў мае паўстаць 60-кватэрны трохсэкцыйны (7-6-5-павярховы) “жылы дом з халодным паддашкам” і паліклінікай на першым паверсе.

Паліклініка разьлічаная на 272 наведваньні за працоўную зьмену, паведамляецца ў тлумачальнай запісцы.

Так паводле праекту будзе выглядаць новы дом

Аб’яву павесілі не на той дом

Цікава, што аб’ява аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў вісела зранку 9 чэрвеня толькі на дзьвярах пад’езду дому №6 па вуліцы Гагарына. Гэты дом у зону забудовы пакуль не трапляе. Ніякіх паперак на дамах, якія наўпрост закранае гэтае паведамленьне, мы не пабачылі. Жыхары былі ў няведаньні.

 Жыхары азнаёмліваюцца з паведамленьнем гарвыканкаму

Між тым, у аб’яве паведамляецца, што праект мае на мэце “рэалізацыю праектных рашэньняў Генэральнага пляну”. Колькасьць наведнікаў меркаванай паліклінікі падаецца ў фармаце “за суткі” – 420. Заказчык аб’екту – дзяржпрадпрыемства “УКБ гораду Віцебску” (УКС). Акурат там і можна будзе ад 20 чэрвеня азнаёміцца з матэрыяламі праекту больш падрабязна.

Распрацоўшчык праекту – прадпрыемства “Жылманалітпраект” ААТ “Жылбуд” (“Жилстрой”). Хто будзе руйнаваць і забудоўваць участак – пакуль невядома.

Жыхарка: “Жывём у чаканьні і няпэўнасьці”

Жыхары камяніцы па Гагарына-10 кажуць, што размовы і чуткі пра іх высяленьне ходзяць ужо вельмі даўно. Таму ставяцца яны цяпер да любых навін досыць спакойна.  

“Жыву ў 10-м доме ўжо 25 гадоў. І, колькі памятаю, увесь гэты час гаварылі альбо пра капітальны рамонт, альбо пра знос нашага дому. Суседні, восьмы, дом выселілі яшчэ чатыры гады таму, а ў нашым толькі зь першага паверху людзей павысялялі, бо прызналі, што першы паверх не прыдатны для жыльля. Ну а мы засталіся”, – расказвае жыхарка дому №10 Венера Мусурагіна. Яе сям’я жыве на другім паверсе.

Дамы, якія мяркуюць зруйнаваць

“Так і жывём – у пастаянным чаканьні і няпэўнасьці. І зараз вось чакаем. Нармальны рамонт зрабіць ня можам. Колькі ні зьвярталіся ў гарвыканкам, нам казалі, што рамонт можаце рабіць, але не капітальны. То бок яны самі да апошняга часу ня ведалі, што з намі будзе”, – дадае.

Пэнсіянэр: “Аб’…баць сябе ня дам дзяржаве”

Вокны 8-га дому пазабіваныя дошкамі. Але ня ўсе. Венера кажа, што ўжо колькі гадоў пасьля высяленьня ў доме жывуць бамжы, і ніхто асабліва гэтым не пераймаецца. Як і тым, што жыльцы “дзясяткі” доўгі час маюць праблемы з вадой і ацяпленьнем, бо камунікацыі завязаныя на доме №8, а там, па словах жыхаркі, “у падвале вады па калена”. Тэлефанаваньні на нумар 115 карысьці пакуль не даюць.

Восьмы дом па Гагарына - з забітымі вокнамі

Дарэчы, абодва дамы дагэтуль ня маюць гарачага водазабесьпячэньня. Камунальнікі ў свой час адмовіліся яго праводзіць за кошт дзяржавы з прычыны нетрывалага падмурку, які, паводле яшчэ аднаго жыхара “дзясяткі” Мікалая Казінца, закладалі яшчэ палонныя немцы.

Гагарына, 8. Былы парадны ўваход

Мікалай Казінец даўно на пэнсіі. Называе сябе найстарэйшым жыхаром дому №10 і выказвае сваю катэгарычную нязгоду з рашэньнем аб зносе будынку.

“Я тут ад самага пачатку жыву. Дом гэты ў 1949 годзе быў пабудаваны, немцы яшчэ фундамэнт закладвалі. Раней адрас быў “вуліца Сураская, 8/1”, а перайменавалі тады, як Гагарын у космас паляцеў. Дык я не пайду адсюль нікуды. Аўтаматы, пушкі прыганю, гранаты ў рукі вазьму, але не саступлю. Ехаць у Білева-Шмілева, Рубу-Кубу я ня згодны”, – гаворыць Мікалай Казінец, пагражаючы кійком уяўнаму суразмоўцу.

Кажа, што ў пытаньнях будаўніцтва ён чалавек дасьведчаны: 27 гадоў свайго жыцьця аддаў будаўніцтву ў якасьці інжынэра вышэйшай катэгорыі.

“Таму аб’…баць сябе ня дам дзяржаве. І прымайце хоць мільярд законаў! Сказаў “не пайду” – значыць не пайду! І зьдзекавацца зь мяне не дазволю”, – абураўся пэнсіянэр.

Баяцца, што могуць перасяліць у арэнднае жыльлё

Што найбольш непакоіць жыхароў – гэта куды і ў якія кватэры іх пераселяць.  

“Галоўнае пытаньне – куды пераселяць. Ранейшыя “адсяленцы” атрымалі кватэры хто ў Білеве, хто на Ленінградзкай, некаторыя на другаснае жыльлё згадзіліся. Але нас гады два таму пужалі на сходзе, што калі дом прызнаюць непрыдатным для жыльля, то атрымаем толькі арэнднае – з выплатай кампэнсацыі. Таму і сядзелі ціхенька дагэтуль …” – кажа Венера.

Звонку камяніца па Гагарына, 10 выглядае цалкам прыстойна

Муж нашай суразмоўцы ўдакладняе, што, згодна з новым дэкрэтам, гэтак яно можа і быць. Але калі дом сапраўды прызначаны пад знос, то павінны даць новыя кватэры, адпаведныя тым, якія страцілі, а не арэнднае жыльлё. “Але малаверагодна, што наогул да зносу справа дойдзе, нешта я ў гэта ня веру”, – выказвае сумненьні мужчына.     

Жыхары сыходзяцца на тым, што будучае абмеркаваньне расставіць, прынамсі, усе кропкі над “і” ды пазбавіць няпэўнасьці.

“А то сядзім на чамаданах ужо колькі гадоў. Такая нявызначанасьць вельмі гняце. Калі шчыра, не хацелася б у іншы раён адсюль зьяжджаць. Інфраструктура тут добрая, базар побач, школа. (“Турма, морг…” – жартуе адзін з суседзяў). Трошкі страшна, што кудысьці далёка закінуць”, – прызнаецца Андрэй, таксама жыхар дому №10.

Асуджанае на знос?..

У гэтую пару года дамы насупраць аўтобуснага прыпынку “Сьцяг індустрыялізацыі” літаральна патанаюць у зеляніне. Ад праезнай частцы іх засланяюць дзесяць густых ліп. У дворыку са старымі арэлямі растуць бярозы, клёны, раскідзісты дуб. Цалкам забытыя “Зелянгасам”, буяюць кусты.

Вельмі ўтульны куток. Але, напэўна, ужо асуджаны на зьнікненьне.

Ці ўсё ж казаць пра гэта яшчэ ранавата?..

Грамадзкае абмеркаваньне праекту будаўніцтва жылога дому на гэтым месцы працягнецца да 14 ліпеня (яшчэ раз нагадваем – ад 20 чэрвеня!).

Заўвагі і прапановы можна будзе пакінуць у прыёмнай аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму ў адмысловым журнале альбо даслаць у пісьмовай форме ці на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. з пазнакай “грамадзкае абмеркаваньне”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара