Стасункі паміж аматарамі рыбалкі і «гаспадарамі», якім азёры перададзеныя ў арэнду, досыць няпростыя. Як падаецца, праблема вынікае з глыбокай псыхалягічнай сувязі беларуса з прыродай, у якую пасярэднік-арандатар ніяк ня ўпісваецца.
Тым часам дзяржава ўсяляк заахвочвае перадачу водных рэсурсаў у арэнду. З паведамленьня Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету вынікае, што паводле дадзеных на люты 2018 году толькі ў Віцебскай вобласьці арэндаваныя 126 азёраў, рэчак, вадасховішчаў, пратокаў. Арандуюць, найперш, дзеля прамысловай лоўлі рыбы і арганізацыі платнай аматарскай рыбалкі.
На першы погляд, нібыта чыніцца добрая справа: вадаём набывае адказнага гаспадара, той стварае новыя працоўныя месцы, наводзіць парадак, будуе вакол воднай роўнядзі адпаведную інфраструктуру, зарыбляе возера ці ставок, ахоўвае яго ад браканьераў, а з прыбыткаў выплачвае прадугледжаныя падаткі.
На практыцы, аднак, ня ўсё гэтак гладка. Частка арандатараў адмаўляецца ад арэнды, бо ня мае магчымасьці своечасова плаціць падаткі. Добра, калі возера багатае рыбай, а што рабіць, калі яно маларыбнае? Зарыбленьне мальком каштуе нятанна, дый прамысловы вылаў можна пачынаць толькі праз тры гады. Падаткі ж трэба плаціць штогод.
Пачаўшы працэс перадачы вадаёмаў у арэнду, дзяржава не параілася з народам, не ўзяла пад увагу яшчэ адзін суб'ект гэтага працэсу – рыбака-аматара. Уводзячы ў абарот капіталістычныя элемэнты, чыноўнікі не парупіліся ні пра тлумачальную працу сярод насельніцтва, ні пра шырокае ўкараненьне ў масавую сьвядомасьць псыхалёгіі гаспадара.
На Віцебшчыне лідэрам па рыбалоўных угодзьдзях, перададзеных у арэнду для прамысловай лоўлі рыбы і арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства, зьяўляецца Браслаўскі раён. Там у арэнду перададзена каля 60-ці вадаёмаў. Для параўнаньня: у Віцебскім раёне – 4, у Гарадоцкім – 6.
Дамо слова самім рыбакам.
Спадар Алесь Марач выявіўся вельмі абазнаным адмыслоўцам у гэтым пытаньні. Ён патлумачыў:
– У Віцебскай вобласьці прыкладна дзьве тысячы азёраў. У арэнду перададзеныя больш за 120 вадаёмаў. Недзе 80 знаходзяцца ў так званым дзяржаўным фондзе рэзэрву. Паспрабую выказаць сваё меркаваньне з пазыцыі рыбака, аматара падводнага паляваньня.
Выкажуся, найперш, як падводны паляўнічы, пра тыя азёры, што вылучаюцца з усіх празрыстасьцю вады і наяўнасьцю аб'ектаў для паляваньня. Па нейкім зьбегу акалічнасьцяў большасьць азёраў, прывабных для такога кшталту здабычы рыбы, аказаліся альбо арэндаванымі, альбо трапілі ў сьпіс азёраў фонду запасу. З такіх празрыстых азёраў магу назваць Лукомскае возера, возера Сялява.
З арэндай існуе шмат нюансаў. Як я разумею, азёры здаюцца альбо для прамысловай дзейнасьці, альбо для арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства. Маё стаўленьне да першага віду дзейнасьці абсалютна адмоўнае. Бо, як кажуць людзі, зыходзячы з практыкі, пасьля вылаву возера ператвараецца ў пусты калодзеж, пасьля чаго арандатар бярэ ў абарот наступнае. Таму я лічу, што камэрцыйнаму лову рыбы ў беларускіх азёрах ня месца. Выключэньне, хіба, можа быць толькі для вялікіх азёраў, кшталту Нарачы. Пры гэтым мусіць існаваць квота на вылаў, пасьля чаго трэба даваць час на аднаўленьне вылаўленых рыбных рэсурсаў. Што тычыцца мяне, я наогул выступаю за тое, каб пакінуць толькі аматарскае рыбалоўства, у тым ліку і падводнае паляваньне, аматарам якога я зьяўляюся.
Другі від арэнднай дзейнасьці мне таксама ня надта падабаецца. Мне падаецца, што кожны беларус мае ад нараджэньня права бесперашкодна прыехаць на возера і злавіць рыбіну. Лічу, што аматары нанесьці шкоду ў такіх памерах, як тое робяць арандатары, ня могуць. Лічу ненатуральным абмяжоўваць доступ людзей, якія зь дзяцінства прызвычаіліся, што ў пэўным месцы можна абсалютна бясплатна закінуць вуду. Сёньняшнія абмежаваньні ў мяне проста не ўкладваюцца ў галаве. Браць грошы ў грамадзянаў Беларусі за права злавіць рыбку ў беларускім возеры – гэта, мякка кажучы, не камільфо.
Летась, калі мне не зьмяняе памяць, на возеры Лосьвіда арандатары бралі з рыбака з вудай 4 рублі, а з падводнага паляўнічага – чамусьці 30 рублёў. Прабачце, але 30 рублёў для беларускага інжынэра за адзін нырок у возера – гэта немалая плата.
Кажа спадар, які не назваў свайго імя:
– Раней лавілі рыбу, як нармальныя людзі, хаця на возеры Лосьвіда рыбы няшмат. Цяпер трэба плаціць 5 рублёў. За што? Я вырас на гэтым возеры, але пяць рублёў за паўкіляграма – гэта замнога. Возера бруднае, не зарыбленае, берагі недагледжаныя, ніхто нічога ня робіць, і хадзіць туды няма сэнсу. За што ім плаціць пяць рублёў кожны дзень? Жывём на беразе возера, а пайсьці закінуць вуду не магу. Стала горш.
Спадар Сяргей Лукашэнка:
– Маё такое меркаваньне: перш чым браць возера ў арэнду, трэба нешта зрабіць для гэтага возера. Дый зараз пасьля турыстаў там горы сьмецьця, якое ніхто не прыбірае, што стварае спрыяльныя ўмовы для восаў. Па-другое, трэба зарыбляць возера. Арандатары нібыта нешта запускаюць, але зімой уловы – практычна ніякія. Сэнсу ў арэндзе я ня бачу. Мясцовыя абураюцца. Узялі ў арэнду, а вынікаў няма.
Праўда, тут вакол шмат маленькіх азёраў, рэчак. Там рыба ёсьць. Раней тут нават вугор быў. На Лосьвідзе быў судак. Цяпер яго ня зловіш. Шкада.
Спадар з Доўжы:
– Лавіць на Лосьвідзкае возера я не хаджу, у нас тут у Доўжы сваё. Але гэта ненатуральна – жывучы ля возера, ня мець права на бясплатную рыбалку.
Наша возера таксама хацелі ўзяць у арэнду, але мясцовыя сказалі, што возера мусіць застацца бясплатным. Я асабіста плаціць не зьбіраюся. І гэта ня толькі маё меркаваньне, так усе думаюць. Кажуць, частку возера Лосьвіда арандуюць у Гарадоцкім раёне, частку – у Віцебскім. Наколькі я ведаю, мясцовыя плаціць адмаўляюцца, але нібыта і ад іх патрабуюць.
https://viciebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/2791-rybalou-amatar-geta-nenaturalna-zhyvuchy-lya-vozera-nya-mets-prava-na-byasplatnuyu-rybalku#sigProId3c420574dd
С. Горкі