Двухпакаёвую кватэру, якая належыць да катэгорыі камэрцыйнага жытла, Тахміна арандуе ў ЖКГ зь лістапада 2014 году. Пражывае ўдзьвюх з малалетняй дачкой. Свае патрабаваньні кіраўніцтва ЖКГ абгрунтоўвае тым, што запазычанасьць утварылася празь лічыльную памылку – не налічвалася арэндная плата, а гэта значыць, паводле заканадаўства ў такім выпадку спажывец абавязаны кампэнсаваць доўг.
Кватэранаймальніца абараняе свае інтарэсы
Са скаргай жыхарка зьвярнулася ў Полацкі райвыканкам. У адказе, падпісаным намесьнікам старшыні Пятром Пяткевічам, сказана, што запазычанасьць утварылася ў выніку памылкі, закладзенай у кампутарнай праграме, але Міхайлава ўсё адно абавязаная кампэнсаваць пазначаную суму.
– Я добрасумленна аплачвала ўсе рахункі, якія мне выстаўляліся за кватэру. Ніякага намеру і віны ў гэтым доўгу маіх няма. Работнікі ЖКГ вінаватыя самі. У мяне заробак каля 400 рублёў – дзе я ім зараз павінна ўзяць гэткую суму? – абураецца Тахміна.
Прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах, да якога зьвярнулася па кансультацыю жанчына, мяркуе, што плаціць яна не павінна.
– Сапраўды, у выпадку лічыльнай памылкі ЖКГ можа спагнаць запазычанасьць з арандатара за 3 гады. Але ў гэтым выпадку памылка не лічыльная, а тэхнічная – яна была закладзеная ў кампутарнай праграме, усе падліковыя апэрацыі выконваліся правільна. ЖКГ павінны шукаць вінаватага і спаганяць ў іншым месцы, – распавёў Мікола.
ЖКГ зьвярнулася ў суд
Полацкая ЖКГ зьвярнулася з пазовам у суд, бо арандатарка добраахвотна выплаціць запазычанасьць адмовілася.
Кватэру Міхайлавай наведаў прадстаўнік органу апекі, вывучыў умовы пражываньня яе малалетняй дачкі – ніякіх заўвагаў не было.
У сярэдзіне лютага ў судзе Полацку пачнецца разгляд пазову ЖКГ аб спагнаньні доўгу па аплаце за арэнду жытла з кватэранаймальніцы, хоць доўг узьнік па віне саміх работнікаў ЖКГ.
Работнікі Полацкай ЖКГ парушаюць закон
Запазычанасьць па арэндзе работнікі ЖКГ выявілі ў ліпені 2017 году. Менавіта ў гэты самы час была распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 430 (атрыманьне хабару, паўторна) і часткі 1 артыкулу 210 (крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненьні да дырэктара аднаго з падразьдзяленьняў Полацкай ЖКГ. У лістападзе ён быў асуджаны на 3,5 гады зьняволеньня.
Таксама летась у чэрвені быў затрыманы і сам дырэктар Полацкай ЖКГ Андрэй Сідзюк (дэпутат Савету Полацкага раёну) з абвінавачваньнем паводле часткі 3 артыкулу 426 КК – перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, ён нібыта нанёс шкоду 657 тысяч рублёў. Зь ім у лістападзе быў скасаваны кантракт па дыскрэдытацыйных акалічнасьцях.
Аляксандар Марозаў