Серада, 29 Лістапад 2017

З дырэктарам ЖКГ Полацку скасавалі кантракт праз злоўжываньні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
З дырэктарам ЖКГ Полацку скасавалі кантракт праз злоўжываньні L34.news

8 лістапада з 39-гадовым дырэктарам КУП «ЖКГ г. Полацку» Андрэем Сідзюком, які таксама зьяўляецца дэпутатам Полацкага райсавету, скасавалі кантракт з дыскрэдытацыйных абставінаў. 

У чэрвені дырэктар ЖКГ Полацку быў часова адхілены ад пасады: яго і начальніка аддзелу маркетынгу прадпрыемства западозрылі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і распачалі крымінальную справу.

Праверку КУП «ЖКГ г. Полацка» ладзілі Полацкі міжраённы камітэт дзяржкантролю разам з Наваполацкім міжраённым аддзелам упраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Віцебскай вобласьці. Яны выявілі факты залішняга расходаваньня сродкаў прадпрыемства з парушэньнем заканадаўства і ўнутраных актаў пры закупцы паліўнай дранкі і будаўнічых матэрыялаў, усяго было пераплачана 607 400 рублёў.

Акрамя таго, як паказала праверка, ЖКГ пры будаўніцтве ў Полацку мэмарыяльнага комплексу «Урочышча Пяскі» была дапушчаная прыёмка няякасна выкананых работ і прымяненьне несэртыфікаваных будматэрыялаў, а таксама прынятыя да аплаты работы, якія фактычна не выконваліся. У выніку кошт будаўніцтва гэтага мэмарыялу быў завышаны на 57 000 рублёў.

За гэтыя парушэньні ў дачыненьні да дырэктара ЖКГ Полацку Андрэя Сідзюка распачалі і расьсьледуюць крымінальную справу паводле часткі 3 артыкулу 426 КК – перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў.

Пасьля разгляду вынікаў гэтай праверкі на калегіі Камітэту дзяржкантролю вобласьці старшыня Полацкага райвыканкаму 8 лістапада выдаў распараджэньне скасаваць са спадаром Сідзюком кантракт з дыскрэдытацыйных абставінаў, прадугледжаных падпунктам 6.2 дэкрэту № 5 «Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацыяў» – іншае грубае парушэньне кіраўніком прадпрыемства працоўных абавязкаў, якое выявілася ў незабесьпячэньні выкананьня заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб закупках, што пацягнула залішнюю расходаваньне грашовых сродкаў прадпрыемства і прычыненьне шкоды.

Акрамя таго да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі службовых асобаў, якія не забясьпечылі належны кантроль за дзейнасьцю ЖКГ Полацку. Таксама прынятыя меры па фармаваньні ў КУП «ЖКГ г. Полацку» камісіі для правядзеньня закупак за кошт уласных сродкаў зь ліку работнікаў, якія маюць адмысловыя веды ў гэтай сфэры, і забесьпячэньні яе працы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства, паведамляе прэс-служба КДК.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc