Сябра БХД Яўген Анішчанка не сумняецца: гукаўзмацняльнікі разьвешаныя з мэтай заглушыць пратэставыя выступы аршанцаў. На яго думку, сваімі дзеяньнямі ўлады толькі раззлуюць людзей:
– Улада крыху не разумее, яна забылася, што народ нельга ўціскаць – калісьці гэтая спружына выпраміцца. І тады выйдуць на вуліцу тысячы людзей і зьмятуць гэтую ўладу. На месцы ўлады трэба весьці дыялёг зь людзьмі. Паляпшэньня ў эканамічным пляне не чакаецца, няма ніякіх зрухаў у той бок. Думаю, эканамічны стан будзе толькі пагаршацца. Людзі пакрыўдзяцца яшчэ больш, асабліва тыя, хто заплаціў гэты падатак. Яны не разумеюць – вернуць ім грошы, ці ня вернуць. Ніякай канкрэтыкі, што дэкрэт будзе скасаваны ці істотна зьменены, я не пачуў.
Нагадаем, раней у офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў Воршы адбыўся ператрус, былі канфіскаваныя кампутары і капіравальная тэхніка. Акцыя «Марш недармаедаў» заплянаваная на 12 сакавіка, яна пачнецца а 13-й гадзіне на цэнтральнай плошчы Воршы.