Жыхары будынка дамагаліся шмат гадоў, каб іх жыльлё адрамантавалі. Дом № 37 пабудавалі ў 1950-м. Газ – з балонаў, вада – толькі халодная, туалет – на вуліцы. Каб сагрэцца, людзі тапілі печкі. Але яны былі ў няспраўным стане.
Жыхары вялі ліставаньне з рознымі інстанцыямі, хадзілі на прыёмы да чыноўнікаў. Тры гады жылі па іншых адрасох, чакаючы, пакуль у іх доме зробяць капрамонт. Але будаўнікі туды так і не прыйшлі. У выніку жыхарам сказалі: вяртайцеся назад і рамантуйце кватэры за свае грошы, а з падменнага жытла высяляйцеся, інакш – суд. Вось толькі дом за гэтыя тры гады яшчэ больш разбурыўся.
У роспачы людзі запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.
– У нашым доме пабывалі губэрнатар [Мікалай Шарстнёў] і бурмістар Полацку [Мікалай Шаўчук], – распавядае жыхарка дому Валянціна Катушонак. – Сабралі жыхароў, пахадзілі па ўсіх кватэрах і прыйшлі да высновы: жыць тут немагчыма. Нам паведамілі, што ўсім чатыром сем'ям выдзеляць кватэры з раўназначнай плошчай ў іншых дамох у горадзе. Вядома ж, мы вельмі радыя!