Вядома, віцебскія барахолкі зьявіліся ня сёньня, але за вынаходнікаў гэткай сыстэмы гандлю ўважаюць французаў. Як мяркуецца, першы блышыны рынак узьнік яшчэ ў 17 стагодзьдзі ў адным з паўночных прыгарадаў Парыжу. Цяпер падобныя кірмашы ёсьць ледзь не ва ўсім сьвеце. Існуюць яны ня толькі ў небагатых краінах, але і ў такіх заможных, як Нямеччына, Швэцыя ці Вялікая Брытанія, дзе гандаль старымі рэчамі ня лічыцца чымсьці крымінальным. Там ён даўно стаў адметнасьцю гарадзкога асяродку, якая прыцягвае ня толькі месьцічаў, але і замежных турыстаў. У цывілізаваным сьвеце – усё цывілізавана.
Што тычыцца Віцебску, стаўленьне тут мясцовых уладаў да стыхійнага гандлю адназначна нэгатыўнае. На думку чыноўнікаў, такога кшталту гандлёвай дзейнасьці быць не павінна. Аднак, насуперак пазыцыі службоўцаў, блышыныя рынкі дэманструюць сваю неўміручасьць.
Ля Полацкага базару стыхійны гандаль – зьява штодзённая. Зазвычай тут прадаюць харчы, сельскагаспадарчую прадукцыю ды рэчы, зробленыя сваімі рукамі. З надыходам вясны асартымэнт тавару паступова павялічваецца. Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік, які вокамгненна пашырыў колькасьць гандляроў і разнастайнасьць прапанаваных на продаж тавараў, – гэта рэзкае зьбядненьне насельніцтва ў выніку неэфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня эканомікай.
Як толькі ў выніку татальнага падвышэньня коштаў фінансы ў кішэнях найбяднейшай часткі насельніцтва пачынаюць «сьпяваць рамансы», спрацоўвае звычайны інстынкт самавыжываньня. З дапаможных памяшканьняў, камораў, падвалаў, шафаў, шуфлядаў ды іншых патаемных месцаў вымаецца ўсё прыдатнае для гандлю. На продаж ідзе любая рэч, якую зь меркаваньня гаспадара можна прадаць. Прадукты ж харчаваньня ў гэткіх умовах набываюць асаблівую каштоўнасьць, калі цана на іх крыху ніжэйшая, ніж на тэрыторыі афіцыйнага рынку.
Апошнія выходныя адзначыліся сапраўдным гандлёвым бумам. Калі ў пятніцу на несанкцыянаваным рынку ля Полацкага базару было ўсяго пара дзясяткаў гандляроў, то ў суботу іх колькасьць пераваліла за сотню. А ў нядзелю гандлявалі яшчэ больш грамадзянаў – і гэта нягледзячы на праведзеную ў пятніцу прафіляктычную зачыстку, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў разагналі некалькі гандляроў, якія прадавалі мэталёвыя вырабы.
Ад разнастайнасьці прапанаваных тавараў вочы разьбягаюцца. Асабліва ўражваюць раскладзеныя на посьцілцы транты, стары абутак і савецкіх часоў кнігі. Калі мэталёвыя рэчы з часам не губляюць самавітай вартасьці, то ношанае адзеньне, абутак ды кнігі, падаецца, нікому непатрэбныя. Але ж не – на кожны тавар існуе свой купец.
– Скажэце, кнігі таксама запатрабаваныя? Ці маеце Вы нейкі прыбытак? – пытаюся я ў гандляра ня надта хадавым таварам.
– А што, цікавіцеся?
– Ня столькі кнігамі, колькі іх коштам. Прыкладам, за якія грошы можна купіць вось гэтую кнігу? – кажу я, беручы ў рукі раман Канстанціна Сіманава «Жывыя і мёртвыя».
– Усё залежыць ад пакупніка: гляджу на чалавека і вызначаю цану. На пляшку і закусіць у канцы дня стае, – адказвае прадавец, канчаткова губляючы да мяне ўсялякую цікавасьць.
Дзьве пэнсійнага веку жанчыны гандлююць старызнай. Пакуль яны нічога не прадалі.
– І колькі за дзень шэнціць зарабіць? – пытаюся я ў грамадзянак.
– Ведаеце, я тут упершыню. Вы першы, хто падышоў. Не купляюць. Але ж, бадай, гэта ня самае істотнае. Не прадам, дык хоць зь людзьмі пагаманю. Усё ж ня так самотна.
І гэтыя словы, сказаныя жанчынай, пэўна, ці не найгалоўнейшыя, што давялося пачуць у той дзень на барахолцы.
Як паказваюць назіраньні, у часы заняпаду і эканамічнай дэпрэсіі чалавек ня толькі шукае для сябе іншых крыніц фінансаваньня – ня ў меншай ступені ён шукае псыхалягічнай еднасьці з гэткімі ж ашуканымі ўладай людзьмі. Такім чынам, пры браку ў краіне цывілізаванай псыхалягічнай дапамогі ў крызыснай сытуацыі, блышыныя рынкі для нейкай часткі насельніцтва выконваюць ролю своеасаблівай псыхаэмацыйнай рэляксацыі, і іх наведваньне ня ёсьць толькі спосабам фізычнага выжываньня.
Ці ўсьведамляе ўлада наяўнасьць залежнасьці паміж эканамічным становішчам насельніцтва і колькасьцю гандляроў на стыхійных рынках – сказаць цяжка. Хаця нэгатыўнае стаўленьне дзяржаўных службоўцаў да дробных гандляроў ды іншых суб’ектаў сацыяльна-палітычнага жыцьця, якія ня ўпісваюцца ў выбудаваную сыстэму дзяржаўнага падпарадкаваньня, сьведчыць пра нежаданьне носьбітаў улады занурацца ў сытуацыю.
У неспрыяльных эканамічных умовах прыхільнікі стыхійнага гандлю становяцца патэнцыйнымі ахвярамі штрафных санкцыяў, якія накладаюцца на іх дзяржавай за парушэньне вызначаных законам правілаў гандлю.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/93-na-stykhijnykh-rynkakh-vitsebsku-pavyalichylasya-kolkasts-gandlyaro#sigProId19c8a25a90
С. Горкі