Як паведамляў раней ПЦ «Вясна», калі падчас паўторнага азнаямленьня з крымінальнай справай былы зьняволены пажадаў прагледзець відэакасэту, якая, як сьцьвярджалася ў прысудзе, была прагледжаная ў судовым паседжаньні, высьветлілася, што відэакасэта ў суд ніколі не паступала. Ні са справай, ні іншым чынам. Так выйшла, што судзьдзя пра гэта сказала пры ўключанай функцыі запісу на тэлефоне Віктара Бугаёва. Таму ён быў вымушаны азадачыць Сьледчы камітэт новай праблемай - ці няма ў гэтай сытуацыі прыкметаў крымінальнага злачынства.
У прысудзе суду выснова пра вінаватасьць Віктара Бугаёва заснаваная, у тым ліку, на паказаньнях сьведкі Д. Серады. Аднак у судовае паседжаньне апошні не зьяўляўся, таму суд толькі аб’яўляў яго паказаньні. Допыт названага сьведкі на дасудовай стадыі вытворчасьці па справе ажыцьцяўляўся сьледчым з выкарыстаньнем відэазапісу.
Як высьветлілася, відэакасеты з запісам допыту, якая ў суд не паступала, таксама няма і ў “пераемніка” сьледчага аддзелу РАУС - у Дубровенскім раённым аддзеле Сьледчага камітэту. А паколькі Дубровенскі РАСК пачаў сваю дзейнасьць з 01.01.2012 году, то і спытаць зь яго, як лічыць А. Цімошчанка, які часова выконвае абавязкі начальніка Дубровенскага РАСК, няма чаго. Выконваючы абавязкі начальніка аддзелу па працы з грамадзянамі Сьледчага камітэту В. Жукоўскі клапатліва прапанаваў былому вязьню зьвярнуцца з адпаведным зваротам у орган крымінальнага перасьледу, які вёў папярэдняе расьсьледаваньне па справе. Вось толькі гэты орган - сьледчы Дубровенскага РАУС, завяршыў сваю дзейнасьць тады ж, калі замест міліцыі расьсьледаваньне стаў ажыцьцяўляць Сьледчы камітэт.
Пры гэтым якойсьці падставы для правядзеньня праверкі Сьледчы камітэт ня бачыць. Быў запіс, які па правілах артыкулаў 193 і 219 КПК Рэспублікі Беларусь належала захоўваць пры крымінальнай справе і па заканчэньні папярэдняга расьсьледаваньня апячатаць, - і прапаў. А справы да гэтага нікому няма.
Суд пра гэта таксама не турбуецца - ён гэтай відэакасэты не атрымліваў. Судзьдзя, выходзіць, абвясьціў паказаньні сьведкі і не занепакоіўся адсутнасьцю відэазапісу. Ну, гэта якраз і нядзіва - там яшчэ і не такое здараецца: нядаўна вырашыў В. Бугаёў зрабіць копію крымінальнай справы, а там аркушаў не хапае.
Пасьля аркушу 306 адразу ідзе 311. І добра б, калі б зьніклі нейкія сумныя даведачкі-суправаджальныя – дык не, нескладаны аналіз прыводзіць да высновы аб тым, што зьнікла як мінімум касацыйная скарга абаронцы-адваката. Цікава, судзейскае кіраўніцтва і Сьледчы камітэт таксама ня знойдзе падставаў для рэагаваньня? Ці меркаваньне адваката па выніках разгляду справы зноў нікому не цікавае?
Таксама раней згадвалася сытуацыя, калі выконваючы абавязкі начальніка РАУС Станіслаў Сьцепанькоў накіраваў у ПК-17, дзе адбываў пакараньне В. Бугаёў, інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасьці. Гэты эпізод зноў стаў прадметам праверкі па заяве былога зьняволенага, па выніках якой у ліпені 2014 году начальнік УСК па Віцебскай вобласьці В. Шалухін паведаміў, што па выніках праверкі ад 10.11.2011 г., праведзенай ГУУБ МУС, парушэньняў у дзеяньнях С. Сьцепанькова ня выяўлена.
Але вось цытата з гэтага заключэньня: «У названай інфармацыі сапраўды ўтрымліваецца некарэктнае выказваньне ў частцы вашай прыналежнасьці да арганізаванай злачыннай групы… Разам з тым, ставіць пытаньне аб прыцягненьні Сьцепанькова С. С. да дысцыплінарнай адказнасьці ў цяперашні час немэтазгодна з прычыны заканчэньня адпаведных тэрмінаў…». Гэта хіба не парушэньне?
Дарэчы, сам С. Сьцепанькоў сьцьвярджаў, што накіраваў у калёнію толькі тыя зьвесткі, якім разьмяшчаў Дубровенскі РАУС. Можа і так, але ў матэрыялах крымінальнай справы ёсьць характарыстыка В. Бугаёва, якую ў 2008 годзе склаў начальнік ААПП Дубровенскага РАУС, згодна зь якой той жыве зь сям’ёй, зарэгістраваны ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, апошні раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за два гады да гэтага (у 2006 годзе) за рэалізацыю адной пляшкі гарэлкі вытворчасьці РФ. Адкуль тады ўзяў дадзеныя пра злачынныя пляны і намеры Бугаёва Станіслаў Сьцепанькоў?
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"