Серада, 17 Верасень 2014

У Віцебску прэзэнтавалі кнігу Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцьця» (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аўтар прыехаў у Віцебск разам з укладальніцай кнігі Аленай Лапцёнак. На сустрэчы ў «Эўрапейскім клюбе» яны распавялі гісторыю стварэньня зборніка эсэ, што былі напісаныя ў зьняволеньні ў Бабруйскай калёніі, куды аўтар трапіў за праваабарончую дзейнасьць.

Кніга «Іртутнае срэбра жыцьця. Пралог. Нататкі праваабаронцы» прысьвечаная беларускаму і міжнароднаму праваабарончаму руху, а таксама падзеям 2010 году ў Беларусі. У выданьне ўвайшлі лісты з успамінамі ды развагамі, апісаныя працоўныя будні, а таксама падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі.

Падчас сустрэчы Алесь Бяляцкі расказаў, што магчымасьць пісаць гэтую кнігу істотна падтрымлівала яго ў турме: хоць часу на творчасьць было няшмат, але сыстэматызацыя падзеяў, што адбыліся пасьля выбараў 2010 году, дапамагала яму засяродзіцца на рэчах, больш істотных для праваабаронцы, чымся наўкольны турэмны побыт.

Паводле ўкладальніцы кнігі Алены Лапцёнак, свае нарысы Алесь Бяляцкі накіроўваў на волю ў выглядзе лістоў, і ўжо потым іх рыхтавалі да друку. Фактычна макет кнігі быў гатовы да канца 2013 году, але выдаць яе так хутка не ўдалося. Першую прэзэнтацыю зборніка эсэ плянавалі арганізаваць у чэрвені гэтага году, і вялікай радасьцю для сябраў і аднадумцаў стала тое, што 21 чэрвеня аўтар выйшаў на волю.

Як распавёў Алесь Бяляцкі, за час зьняволеньня – амаль за 3 гады – ён атрымаў 40 тысяч лістоў ад сваіх аднадумцаў. Сярод тых, хто ліставаўся з былым палітвязьнем, быў і гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы. На прэзэнтацыю кнігі ён прыехаў таксама, і не з пустымі рукамі: прывёз слоік марынаваных грыбоў, прыгадаўшы, што ў адным зь лістоў Алесь Бяляцкі пісаў пра тое, як хацелася б яму пахадзіць з кошыкам па грыбным лесе…

Прэзэнтацыя кнігі прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы, ахвотныя задавалі пытаньні праваабаронцу, кожны прысутны атрымаў зборнік «Іртутнае срэбра жыцьця» ў падарунак, і аўтар з задавальненьнем раздаваў аўтографы старым і новым віцебскім сябрам.

А напрыканцы сустрэчы Алеся Бяляцкага папрасілі падпісаць плякат з уласным партрэтам і надпісам «Чакаем на волі», які вісіць у «Эўрапейскім клюбе». Замест подпісу праваабаронца напісаў чырвоным маркерам усяго адно слова – «Вольны!» І сфатаграфаваўся на памяць пра гэтую віцебскую сустрэчу.

«Іртутнае срэбра жыцьця. Пралог. Нататкі праваабаронцы» – гэта другая кніга Бяляцкага, якая выйшла за час яго зьняволеньня. Першая – «Асьвечаныя Беларушчынай», за якую праваабаронцу 13 траўня ўзнагародзілі прэміяй імя Алеся Адамовіча. Рыхтуецца да выданьня зборнік ягоных публіцыстычных твораў «Халоднае крыло Радзімы».

Праваабарончы цэнтар «Вясна»
відэа: Віцебская Вясна