Субота, 25 Ліпень 2026

Дзмітрый Паўлічэнка трэці раз за гэтае лета прыязжае ў дзіцячы летнік, каб вучыць дзяцей “патрыятызму” са зброяй у руках

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Трэцяя змена ідзе ў летніку Бароўка ў Лепельскім раёне, і ўжо трэці раз выступаць перад выхаванцамі туды запрашаюць кіраўніка “экскадронаў смерці” - таемнага фармавання, якое ў 1990-х гадах забівала апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрый Паўлічэнка заяўляе, што ягоныя візіты спрыяюць выхаванню патрыятызму, і што заняткі, арганізаваныя  прадстаўнікамі сілавых структур, “заўсёды выклікаюць захапленне”.


У сярэдзіне чэрвеня Паўлічэнка з’явіўся ў летніку разам з байцамі спецназу, якія вучылі дзяцей і падлеткаў асновам рукапашнага бою і карыстання зброяй, праводзілі заняткі па медычнай і агнявой падрыхтоўцы. Цяпер разам з ім прыехалі прадстаўнікі Беларускай федэрацыі панкраціёна і змяшаных баявых адзінаборстваў. Нягледзячы на змену “світы”, змест мерапрыемстваў, на якія зацягнулі дзяцей, застаўся практычна без зменаў: азнаямленне са зброяй і рукапашны бой. А таксама гутаркі пра неабходнасць бараніць дзяржаву ад знешніх і ўнутраных ворагаў.

Нязменным спадарожнікам Паўлічэнкі  ў паездках да выхаванцаў летніка “Бароўка” з’яўляецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак. Ен цалкам падтрымлівае пазіцыю стваральніка “эскадронаў смерці”, што да выхавання падлеткаў шляхам мілітарызацыі і аповедаў пра тое, як у 2020-м годзе “падраздзяленні спецназу і міліцыі змагаліся супраць неадэкватнага натоўпу”, якому “выдаваліся грошы, алкаголь, наркотыкі, каскі  і малаткі”.  

Падобная практыка прымусовага прыцягнення непаўналетніх да ідэалагічных і мілітарысцкіх імпрэзаў выклікае вострую крытыку з боку праваабаронцаў, якія заяўляюць пра грубае парушэнне правоў дзіцяці. Згодна з міжнароднымі стандартамі, у прыватнасці Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, дзеці маюць права на абарону ад усіх формаў гвалту і мілітарызацыі, а таксама на свабоду ад ідэалагічнага ціску і індактрынацыі. Прымус да ўдзелу ў сустрэчах з асобамі, датычнымі да цяжкіх злачынстваў, а таксама навязванне агрэсіўнай рыторыкі варожасці траўмуюць псіхіку непаўналетніх, парушаюць іх права на бяспечнае асяроддзе і супярэчаць прынцыпам мірнага выхавання.

Марыя Шугалёва