Мэта акцыі, якая найхутчэй не адбудзецца, паводле заяўкі (цытата): «Інфармаваць грамадзян г. Віцебску аб наступствах контррэвалюцыйнага кастрычніцкага перавароту, зьдзейсьненага міжнароднай фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыяй РСДРП-ВКП(б)-КПСС на чале зь нямецкім агентам, першым фашыстам у сьвеце Ўладзімерам Леніным (Л.Д. Ландаў) і аб неабходнасьці забароны ў Беларусі кампартыі і яе ідэалёгіі».
КХП-БНФ зьяўляецца лідэрам па колькасьці пададзеных заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Віцебску. Але ніводная зь дзясяткаў заявак не была задаволеная ўладамі: апошнія спасылаюцца на незаключэньне арганізатарамі мерапрыемстваў дамоваў, прадугледжаных рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», хаця на практыцы заключыць такія дамовы немагчыма. Не атрымліваючы дазволаў на правядзеньне мірных сходаў ад уладаў, сябры КХП-БНФ час ад часу ладзяць несанкцыянаваныя акцыі, за што пасьля прыцягваюцца судамі да адміністрацыйнай адказнасьці.