Напачатку аршанскім уладам спадабалася ідэя ўсталяваць памятны знак непадалёк ад пажарнай часткі. Але да грмадскай прыбіральні меркаванае месца было значна бліжэй ( менавіта яна - на праектным здымку) Цяпер адзіны на Віцебшчыне помнік ліквідатарам аварыі на ЧАЭС плануюць паставіць у гарадскім парку.
Пра неабходнасць помніка гаворка ішла апошнія гадоў трыццаць. З прапановамі выступалі непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў, але іх не слухалі. Але летась здарылася нечаканае: на абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятываў была ўхвалена заяўка з Оршы. Гэтым разам “грамадская ініцыятыва” сыходзіла ад “депутата Оршанского райсовета Андрея Курятникова, ветеранов МЧС и МВД”. Ранейшыя прапановы сапраўдных ліквідатараў проста ігнараваліся.
Райвыканкам абвясціў конкурс, вызначыўшы патрабаванні да аўтараў: абавязковай мусіла стаць выява пажарнага на памятным знаку вышынёй 2,5 м., дата “26.04.1986”, слова "Чарнобыль", знак "Радыяцыя" і "элемент, які паказвае агонь". Усе гэтыя ўмовы выканаў скульптар Аляксей Яўсееў, малавядомы віцебскі скульптар, ураджэнец Гападка.
На ўвасабленне ініцыятарам з бюджэту было выдаткавана 36 тыс. руб. Гэта абсалютны мізер, калі параўнаць з выдаткамі на новую плошчу дзяржаўных сімвалаў з флагштокам за больш чым 2 мільёны рублёў. Адкрыццё памятнага знака прымяркуюць да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС.
Аляксандр Папоў