Чацвер, 05 Люты 2026

Да Дня роднай мовы ў Віцебску правядуць “праздник народного творчества»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Свята, па задуме арганізатараў, мусіць атрымацца шматнацыянальным. Але для беларускай мовы месца не знайшлося ні ў афішы, ні ў намінацыях канцэртнай праграмы. Усё гэта – па-руску.

Свята народнай творчасці  мае назву-абрэвіятуру -  «Э.Т.Н.О.»: энергия традиций – наследие общества!».  Яно пройдзе 21 лютага – якраз у Міжнародны дзень роднай мовы. Якую мову лічаць роднай  арганізатары з Цэнтра культуры “Витебск», выникае з прапанаваных намінацый: «Этно родного языка», «Ритмы этно», «Звуки этно». Асобна анансавана праграма  «с мастер-классами по языку, традиционным ремёслам и культурным традициям».

Ахвотныя ўзяць удзел павінны падаць заяўкі да 13 лютага. Да ўдзелу запрашаюцца “национально-культурные объединения и землячества, а также мастера и ремесленники, хранители нематериального наследия”.

Надзея Артамановіч