Серада, 16 Ліпень 2025

Андрэя Герашчанку, кіраўніка арганізацыі “Русский Дом”, уключылі ў Кнігу Славы Гарадоцкага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падставай для гэтага стала ўзнагароджанне праміяй «Земляк года», якое адбылося ў Гарадку  1 чэрвеня падчас правядзення  свята народнай творчасці, літаратуры і фальклору “Гарадоцкі Парнас”. Традыцыйна яе даюць двум асобам: праслаўленаму ўраджэнцу раёна і чалавеку, які не нарадзіўся на Гарадоччыне, але зрабіў значны ўнёсак у яе развіццё. Якраз другім пераможцам і стаў Андрэй Герашчанка, які нарадзіўся ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

З Гарадоччынай яго лучыць хіба тое, што ў Гарадку Герашчанка скончыў сярэднюю школу. На гэтым заслугі “рускамірца” перад Гарадоччынай практычна і сканчваюцца. Практычна ўс ё дарослае жыццё ён пражыў у Віцебску, дзе неаднаразова быў удзельнікам ідэалагічных скандалаў.  Так, 2011 годзе ён быў звольнены з пасады  начальніка аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска за публічнае адмаўленне дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі. Аказалася, што дзяржавы, у якой жыве і дзе дасягнуў пэўных кар’ерных поспехаў, ен не прызнаваў...

Неаднаразова у якасці кіраўніка грамадскай арганізацыі “Русский Дом” Андрэй Герашчынка грэбліва выказваўся пра беларускую мову і культуру. Хаця сам нібыта мае да яе дачыненне - у якасці пісьменніка, аўтара дзіцячай кнігі “Бельчонок”, якую ен актыўна піярыць і прэзентуе ў бібліятэках і дзіцячых навучальных установах.

На ўганараванне асобы Андрэя Герашчанкі на Гарадоччыне актыўна адгукнуліся   прарасейскія інфармацыйныя рэсурсы. Менавіта адтуль стала вядома, што “Член Всемирного Координационного совета российских соотечественников, председатель КСОРС Белоруссии Андрей Геращенко принял участие в торжественных мероприятиях, посвящённых Дню независимости Республики Беларусь в г. Городке Витебской области 3 июля 2025 года. Во время торжественной церемонии писатель Андрей Геращенко, как обладатель звания «Земляк года», был внесен в Книгу Славы Городокского района”. На Віцебшчыне пра адыёзную асобу, якую ўганаравалі ў Гарадоцкім раёне, мясцовыя СМІ не згадалі.

Пётр Акулаў