Серада, 24 Снежань 2014

Андрэй Гайдукоў параўнаў умовы ўтрыманьня ў ЦІП Наваполацку з умовамі ў СІЗA

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Андрэя Гайдукова затрымлівалі за раздачу ўлётак 21 лістапада ў Наваполацку і 24 лістапада ў Полацку. 25 лістапада за адну з акцыяў яго асудзілі на 10 сутак, а пасьля, 5 сьнежня, яшчэ на 5 сутак. Актывіст распавёў правабаронцам новыя падрабязнасьці гэтых затрыманьняў і судоў, а таксама пра ўмовы ўтрыманьня ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

У судзе, які адбываўся 25 лістапада, судзьдзя Полацкага гарсуду Ўладзімер Бясецкі прызнаў былога палітвязьня вінаватым у парушэньні артыкулу 23.34 КаАП і за “правядзеньне несанкцыянаванага пікету з раздачай улётак” прысудзіў Андрэю Гайдукову арышт на 10 сутак. У той самы дзень ён быў дастаўлены ў Наваполацкі ЦІП.

Распавядае Андрэй Гайдукоў: “У ЦІП я захварэў ангінай, зьявіўся моцны кашаль, паднялася высокая тэмпэратура. Гэта з-за таго, што ў камэры, дзе мяне ўтрымлівалі, было холадна, дрэнная вэнтыляцыя і таму адчуваліся скразьнякі. Ежа, якую выдавалі, не заўсёды была цёплай, і я некалькі разоў прасіў з-за хваробы, каб выдавалі цяплейшую. Часам гэта спрацоўвала.

Адразу пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту, мяне зноў павезьлі ў суд, на гэты раз у Наваполацак. У судзе я ўбачыў, што пастанова, паводле якой мяне вінавацілі ў распаўсюдзе прадукцыі СМІ, была перакваліфікаваная ў артыкул 23.34 КаАП, нібыта я браў удзел у незаконным масавым мерапрыемстве. Судзьдзя нават не зьвярнуў аніякай увагі на тую акалічнасьць, што тэмпэратура паднялася да 38 градусаў, і вынес пастанову аб арышце на 5 сутак. Ізноў я патрапіў у ЦІП, але ўжо зусім хворым. Кажу адразу – рэгіструйце, што я паступіў да вас у хворым стане. Гэтак і запісалі ў журнал: тэмпэратура, насмарк, кашаль. Але не дазволілі адтрэмінаваць адбыцьцё пакараньня, паколькі не было бальнічнага ліста. Кажу тады: “Я ж у вас тут і захварэў”. Гэта іх не хвалявала. Але пазьней выклікалі хуткую дапамогу, каб зрабіць укол.

Мяне накіравалі ў тую ж самую камэру, дзе я адбываў папярэдні арышт. Мой сусед часта паліў цыгарэты і гэта прычыняла мне пакуты, я задыхаўся, паколькі вэнтыляцыя ўяўляла сабой невялікую дзірку дыямэтрам каля 10 цантымэтраў. Пасьля напісаньня заявы кіраўніцтву ЦІП, яго перавялі ў іншую камэру”.

“Бялізну выдалі нармалёвую,-  працягвае Гайдукоў, - аднак ад коўдры патыхала смуродам. І, увогуле, у камэры былі брудныя сьцены. Замест прыбіральні – адтуліна ў падлозе і невялічкі кран з халоднай вадой. Камэра вельмі дрэнна асьветленая, паколькі акно зробленае з тоўстых шкляных блёкаў, таму чытаць было немагчыма. Інакш можна папсаваць зрок”.

Андрэй Гайдукоў таксама падрабязна распавёў пра харчаваньне, якое атрымліваюць арыштаваныя ў Наваполацкім ЦІП. Раніцай выдаецца гарбата зь нейкай кашай, вечарам тое ж самае, але дадаецца кавалак сялёдкі або некалькі кілек. У абед даюць часам не зусім гарачы і нясмачны суп, кашу і катлету.

Дазволілі перадаць ад сваякоў толькі сродкі гігіены, а харчовую перадачку не прынялі. На прагулку выводзяць на паўгадзіны.

Пры канцы размовы Андрэй Гайдукоў абагуліў сказанае і параўнаў умовы ўтрыманьня ў ЦІП з умовамі ў Віцебскім СІЗА.

Андрэй Гайдукоў - былы палітвязень, 8 лістапада 2012 году супрацоўнікі КДБ затрымалі яго і завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці). Справа Гайдукова разглядалася ў закрытым рэжыме, падчас суду абвінавачанье Гайдукову было перакваліфікаванае. 1 ліпеня 2013 году Віцебскі абласны суд асудзіў Гайдукова паводле крымінальнага артыкулу “Спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцслужбамі, органамі бясьпекі або органамі замежнай дзяржавы”. Яго прызналі “вінаватым у спробах устанаўленьня кантактаў з супрацоўнікамі замежнай спэцслужбы без прыкмет дзяржаўнай здрады”. 8 траўня 2014 году Андрэй Гайдукоў выйшаў на волю.

spring96.org