Цяпер, калі «трэндам» у дзяржаўных СМІ стала пахвальба мясцовых уладаў за ўвагу да праблемаў мясцовага насельніцтва, з аднаўлення працы крамы газета «Веснік Глыбоччыны» зрабіла цэлую падзею. У Верхняе прыехалі асабста старшыня райсавета Вера Цяліца і намесніца старшыні райвыканкама Алена Шалонька. «Жители выразили благодарность за оперативность в решении этого важного для них вопроса», - піша «раёнка». Хаця ўсяго-та і спраў было – знайсці новага работніка.
А вось з іншымі праблемамі, якія хвалююць вяскоўцаў, «з наскоку» разабрацца не ўдалося. «Жители подняли вопрос о ремонте дорог в населённом пункте», але адказу на яго пакуль няма. «Работы по ремонту дорог уже включены в план», - сказала старшыня райсавета. Але ў які – на год, на два ці на наступную пяцігодку, так і не ўдакладніла.
Каб перадаць мясцовую сістэму водазабеспячэння на баланс філіяла «Докшицывадоканал», вяскоўцы мусяць напісаць калектыўную заяву. І толькі тады ахвотныя змогуць правесці вадапровад.
Але артыкул у «Весніку Глыбоччыны» заканчваецца бравурна: «Многие важные для жителей деревни вопросы нашли своё разрешение благодаря активной работе районной администрации».
Вера Пушкіна