Аўторак, 03 Снежань 2024

У Лёзне заняліся добраўпарадкаваннем пасля шматлікіх скаргаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праблемы камунальнага характару ўздымаліся і ў сацыяльных сетках, і ў скаргах да мясцовага начальства . Пасля загаду ад найвышэйшага кіраўніцтва краіны прыслухоўвацца да скаргаў насельніцтва перад прэзідэнцкімі выбарамі і ў Лёзне вырашылі тое-сёе выправіць. Хаця б начать «решать проблемы, которые не требуют больших материальных и человеческих ресурсов», па словах старшыні райвыканкама.

21 лістапада ў раённым цэнтры культуры прайшла сустрэча з насельніцтвам, на якой кіраўнік раёна Іван Фёдараў даручыў у найкарацейшыя тэрміны вырашаць хаця б нейкія пытанні, з якімі да ўладаў у апошнія гады звярталіся мясцовыя жыхары.

«Пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва, стварэнне камфортных умоў пражывання павінны быць у зоне пастаяннай увагі не толькі выканаўчай улады, але і ўсіх арганізацый, ад якіх залежыць настрой грамадзян, іх давер дзяржаве і грамадству», - заявіў Іван Фёдараў.

А далей пачалі адбывацца цуды – бо чаго толькі не здараецца, калі наперадзе прэзідэнцкія выбары, а людзі не задаволены тым, як да іх ставяцца...

«На сустрэчы прагучалі звароты па асвятленні асобных вуліц, стварэнні бяспечных умоў перамяшчэння жыхароў гарпасёлка. Літаральна на наступны дзень сіламі УП ЖКГ была абсталявана дарожка да гарадской лазні па вул. Будаўнікоў. Каля маста, які вядзе ў цэнтр пасёлка з мікрараёна «Заречный», энэргетыкі ўсталявалі дадатковае асвятленне, зрабілі больш як 40 метраў драўляных парэнчаў», -- піша газета «Сцяг перамогі».

Праўда, на гэтым спіс «дасягненняў» і сканчваецца. Улады пахвалілі за унёсак у добраўпарадкаванне райцэнтра мясцовых прадпрымальнікаў і грамадскасць, якая выходзіць на «суботнікі» па прыборцы сваіх населеных пунктаў.

Асобна падзякавалі дэпутату райсавета Яўгену Шарыбіну, які заняўся рамонтам маста з вёскі Старына да аграгарадка Пушкі. Згадкі працы дэпутатаў – гэта таксама асобнае даручэнне ўрада, дадзенае найперш журналістам.

Парэнчы, лямпачкі і падсыпка сцежак – гэта добра. Але за апошнія дзесяцігоддзі назбіралася вялікая колькасць праблем, якія не вырашаліся гадамі, і цяпер іх за адзін тыдзень выправіць не рэальна. Згадаць, да прыкладу, аварыйны мост паміж вёскамі Дабрамыслі і Перамонт, які даўно вымагае капітальнага рамонту. Або праблему з падключэннем электрычнага ацяплення дома №29 па вуліцы Аршнскай у аграгарадку Бабінавічы, якую не могуць вырашыць яшчэ з 2022 года. Або няспраўджаную ініцыятыву жыхароў Лёзна наконт абсталявання велапарковак – людзям сказалі, што зрабіць гэта яны могуць выключна за ўласны кошт.

Фёдар Паўлаў