Панядзелак, 18 Лістапад 2024

Справа зрушылася з месца: небяспечныя прыступкі каля Лядовага палаца ўсё ж абяцаюць адрамантаваць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На стан прыступак каля Лядовага палаца віцябляне пачалі скардзіцца яшчэ сёлета ў ліпені. Тады ў Віцебску якраз прайшоў «Славянскі базар», да якога цэнтр горада штораз прыводзяць у парадак. Але Лядовы палац – не ў цэнтры, і яму не пашанцавала. І толькі цяпер падобна, што падыход да ўстановы, якая заклікана папулярызаваць любімы від спорта Аляксандра Лукашэнкі, усё ж такі адрамантуюць.

Дзіўна, але рамонт лесвіцы збіраюцца рабіць узімку і завяршыць яго ў лютым наступнага года. «Народныя Навіны Віцебска» размясцілі інфармацыю, сабраную паводле сайта дзяржзакупак. З яе вынікае, што закупку праводзіць таварыства з дадатковай адказнасцю «Будінжынерсервіс». Згодна з дэфектным актам на лесвіцы трэба замяніць амаль пяцьсот квадратных метраў пакрыцця прыступак з гранітных пліт.

На верхніх прыступках трэба дэмантаваць існуючае пакрыццё, а затым выканаць абліцоўку з гранітных пліт на плошчы 219 квадратных метраў, на ніжніх прыступках — 269,5 квадратнага метра. Прыкладны кошт рамонтных работ 837 340 рублёў 56 капеек. Фінансуецца закупка за рахунак бюджэту Віцебскай вобласці. Параўнаць суму выдаткаў можна хіба што з коштам абсталявання новай Плошчы герба і сцяга, якую таксама збіраюцца адкрыць у 2025 годзе. Праўда, Лядовы палац мае для горада больш выразнае функцыянальнае прызначэнне ў параўнанні з плошчай, якую ствараюць «для выхавання патрыятызму».

На рамонце «траўманебяспечных прыступак» настойвалі самі гараджане, якія напісалі з гэтай нагоды некалькі скаргаў.

Лядовы палац у Віцебску пачалі будаваць у 1998 годзе – гэта быў час, калі «па рэкамендацыі» Аляксандра Лукашэнкі падобныя ўстановы для развіцця зімовых відаў спорту па ўсёй Беларусі пачалі «расці як грыбы». Пасля адкрыцця ў лістападзе 1999 года прыступкі перад Лядовым палацам ні разу не рамантаваліся.

Марына Церашкова