«Сёння на прыёме грамадзян практычна няма пытанняў па рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як бывала раней: то якасць паслуг не задавальняла, то дваровыя тэрыторыі не ўбіраюцца, то ў дрэнным стане ўнутраныя дарогі. Сёння такіх пытанняў няма. Гэта сведчыць аб тым, што ў гэтым напрамку работа праводзіцца мэтанакіравана, і яна дае станоўчыя вынікі, якія мы бачым нават на прыёме грамадзян. ЖКГ удасканальвае сваю дзейнасць», -- казаў у верасні Сяргей Ляўковіч.
Але гэты выглядае хутчэй як спроба выдаць жаданае за рэальнасць. Бо падчас прыёму ў старшыні аблсавета Дзмітрыя Дзямідава наведнікі скардзіліся менавіта на праблемы ЖКГ – як даўнія, так і «новыя». Газета «Віцьбічы» нават распавяла пра «Топ самых частых обращений жителей Витебска» паводле пачутага на прыёме.
Да кіраўніка дэпутацкага корпуса вобласці звярнуліся жыхары шматкватэрных дамоў вуліц Кірава, Ільінскага, Рэвалюцыйнай, Касманаўтаў, Цітова. На сустрэчу запісаліся 14 чалавек, адзін зварот быў калектыўны. Большасць пытанняў, якія хвалююць людзей, што жывуць на тэрыторыі, падведамаснай ЖЭУ №5 - гэта заліццё падвалаў, антысанітарыя ў памяшканнях агульнага карыстання, дзіравыя дахі, праблемы з каналізацыяй і водазабеспячэннем.
Паводле гарадскога дзяржаўнага выдання, «по нескольким обращениям уже принимаются меры, на места выехали аварийные бригады». Застаецца незразумелым, «некалькі» - гэта колькі? І чаму такія распаўсюджаныя праблемы не вырашаюцца ў звычайным парадку – шляхам зваротаў у камунальную службу, а зрушваюцца з месца толькі пасля ўмяшання старшыні абласнога савета.
З такім падыходам да справы прагнозы памочніка прэзідэнта Сяргея Ляўковіча спраўдзяцца яшчэ вельмі не хутка.
Таццяна Жукава