Паводле газеты «Віцьбічы», старшыня гарвыканкама асабіста аб'язджае горад, беручы «на заметку» заўважаныя недахопы: «Под пристальным вниманием мэра оказались не центральные магистрали, а улицы на окраинах: проспект Куйбышева, район Улановичей и Тирасполя, улица Полярная. Неубранные остановки общественного транспорта, неприглядные территории вокруг некоторых предприятий, нескошенная трава на пустырях и у линий электропередач. Даже несанкционированная реклама попала на фото в телефоне главы города».
Аляксей Героеў запатрабаваў, каб праспект Куйбышава добраўпарадкавалі на працягу сутак. Туды адразу ж сагналі работнікаў ЖКГ з усяго горада, якія касілі траву, прыбіралі апалую лістоту і смецце. Але выправіць тое, што «запускалася» гадамі, аказалася камунальнікам не па сілах.
Старшыня гарвыканкама, уражаны станам дарожнага пакрыцця на віцебскіх ускраінах, запатрабаваў, каб гэта было выпраўлена «у максімальна сціслыя тэрміны». Атрымалі заданні і адміністрацыі ўсіх трох раёнаў горада. Усе яны звыклыя – пакос травы, прыборка смецця, несанкцыянаваныя звалкі. Прычым у плане добраўпарадкавання, складзеным Аляксеем Героевым, пазначаны цэлыя вуліцы, на якіх належыць навесці парадак.
Якімі сіламі гэта будзе зроблена, пытанне адкрытае. У Віцебску катастрафічна бракуе дворнікаў, бо за цяжкую фізічную працу, часам у неспрыяльнае надвор'е, заробкі прызначаны вельмі малыя. Да ўсяго, цяпер да патрабаванняў на адрас патэнцыйных работнікаў дадалося яшчэ адно: каб чалавек не меў судзімасцяў па «палітычных адміністратыўках»: такіх на працу не хочуць браць ні асобныя прадпрыемствы, ні ЖРЭТ г. Віцебска.
Яна Новікава