Кабінет асвяцілі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і біскуп Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Паводле словаў дырэктара навучальнай установы, заняткі ў кабінеце духоўна-маральнага выхавання будуць весці як педагогі вучылішча, так і свяшчэннікі Полацкай епархіі. «Тут будзе праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні. Што такое духоўнасць, патрыятызм, вера, рэлігія - усё гэта падлеткі будуць спасцігаць тут. Гэта паняцці, з якіх пачынаецца выхаванне будучых патрыётаў», - падкрэсліў дырэктар Полацкай кадэцкай вучэльні.
Выхаванцы будуць вывучаць асновы праваслаўя. Наколькі гэта карэктна ў дачыненні да вернікаў іншых канфесій, і ці будуць такія заняткі абавязковымі для ўсіх кадэт, Станіслаў Красоўскі не тлумачыць.
На будучыню ў яго яшчэ шырэйшыя планы – стварэнне духоўна-асветніцкага цэнтра на базе Полацкай кадэцкай вучэльні. У склад яго будуць уваходзіць таксама музей Полацкага кадэцкага корпуса і капліца Архангела Міхаіла, якую плануюць збудаваць на падмурках царквы XII стагоддзя. І прыязджаць сюды на навучанне будуць вучні з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Апісваючы новы кабінет у кандэцкай вучэльні, дырэктар кажа наступнае: «На абразах, сабраных тут, намаляваны палкаводцы, вайскоўцы - тыя, хто здзейсніў подзвіг пры жыцці і быў пазней прылічаны да ліку святых. Полацкі кадэцкі корпус - адзіны ў Беларусі, у ліку выпускнікоў якога былі вайскоўцы, прылічаныя да ліку святых. Гэта прападобны Варсанофій Опцінскі і велікамучанік Мікалай Акаловіч». Прынамсі, так ягоныя словы цытуе БЕЛТА.
Калі быць дакладным, былым вайскоўцам з іх з'яўляецца палкоўнік Іван Пліханкоў (Варсанофій Опцінскі), і ён сапраўды скончыў Полацкі кадэцкі корпус - пачатковую вайсковую навучальную ўстанову. А вось святар Мікалай Акаловіч да войска ніколі не меў дачынення – ён служыў законанастаўнікам і настаяцелем дамавой царквы пры Полацкім кадэцкім корпусе. Застаецца спадзявацца, што полацкім кадэтам ўсё ж раскажуць праўду пра гэтых асобаў – у тым ліку і пра тое, што айцец Мікалай Акаловіч быў рэпрэсаваны савецкай уладай, асуджаны да высылкі, і памёр у турме. Месца ягонага пахаванне не вядомае.
Алег Гамза