Сапраўднай жа прычынай затрыманьня Сяргея Каваленкі стаў вывешаны на даху аднаго з дамоў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. І хаця ніякіх доказаў датычнасьці Каваленкі да гэтага факту ў міліцыянтаў не было, адказваць давялося менавіта яму.
Ад самага моманту затрыманьня Сяргей Каваленка быў ня згодны з высунутым супраць яго абвінавачаньнем і на знак пратэсту абвясьціў галадоўку. Тым больш, як распавёў актывіст, першы дзень знаходжаньня ў ізалятары яму давялося правесьці на паверсе, дзе месьцяцца затрыманыя паводле крымінальных артыкулаў. Гэты факт ён расцаніў, як своеасаблівы ціск на яго з боку абвінавачваньня.
Да таго ж Сяргею не дазволілі зьвязацца адвакатам, а на судовы працэс прывезьлі ў кайданках. Абурыў віцебскага актывіста і той факт, што адзінымі сьведкамі выступілі міліцыянты, якія яшчэ і блыталіся ў сваіх сьведчаньнях.
Сяргей Каваленка лічыць, што падзеі, за якім яму давялося назіраць апошнім часам, цяжка лічыць нейкай аб’ектыўнай рэальнасьцю. Таму ён успрымае ўсё, што адбывалася вакол яго, як нейкі цырк, тэатар клоўнаў: клоўны – судзьдзі, клоўны – міліцыянты; вось толькі невядома, хто напісаў ім іхныя рэпрызы.
Абвешчаньне галадоўкі ён лічыць своеасаблівай адмовай ад удзелу ў сплянаванай кімсьці клаўнадзе. Паводле словаў Сяргея Каваленкі, у гэтакіх умовах галадоўка сталася адзіна магчымай праявай волі для паняволенага грамадзяніна, які мае права быць вольным паўсюль. Галадоўка дае магчымасьць захаваць годнасьць і застацца чалавекам.
Асабліва абурыў Сяргея выпадак, калі пасьля напісаньня ім напярэдадні Новага году скаргі, праваахоўнікі запыталіся ў яго пра наяўнасьць зімовага абутку і гэткім чынам пасеялі надзею на датэрміновае вызваленьне – маўляў, можаш сустрэць сьвята ў сямейным коле. Верылася ў гэта слаба, таму асаблівых перажываньняў з-за нязьдзейсьненых спадзяваньняў не было. Хаця непрыемны асадак застаўся.
Пасьля свайго выхаду на волю Сяргей Каваленка падзякаваў усім, хто падтрымліваў і перажываў за яго падчас суду і ўтрыманьня ў ІЧУ.