Аўторак, 15 Кастрычнік 2024

У Віцебску правялі акцыю «Давай служить вместе!», дзе падлеткі праходзілі прафесійны адбор для службы ў органах МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэтая акцыя для навучэнцаў установаў сярэдняй адукацыі праводзіцца ўжо трэці год запар. Такім чынам вучняў 9-11 класаў завабліваюць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы МУС ці проста прыходзіць на службу ў міліцыю. «Інструменты ўплыву» ужо традыцыйныя: маладым людзям даюць патрымаць у руках зброю і апрануць экіпіроўку АМАП, паглядзець на дрэсіраваных службавых сабак і на практыкаванні байцоў спецназу.

Сёлета ўдзельнікамі мерапрыемства сталі 14 каманд з Віцебска і вобласці. Апрача «всевозможных интерактивных площадок и локаций с участием сотрудников разных служб УВД облисполкома», як піша газета «Витебские вести», падлеткам «предлагалось пройти профотбор для службы в органы внутренних дел в процессе общения с психологом». Былі ў праграме акцыі і спартовыя спаборніцтвы, кшталту «тэматычнай эстафеты» з перадачай гумавага дручка.

Акцыя «Давай служить вместе!» была запачаткавана ў 2021 годзе з мэтай падвысіць аўтарытэт супрацоўнікаў МУС пасля міліцэйскага гвалту ў 2020-м. Праз такія мерапрыемствы выпускнікоў школ заахвочваюць да паступлення ў спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якія паступаць не дужа шмат жадаючых.

Барыс Нікіфарэнка