Субота, 05 Кастрычнік 2024

Жыхары віцебскага дома два гады чакаюць рамонту даха

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З пачаткам восеньскіх дажджоў дом №25 па вуліцы Камсамольскай у Віцебску зноўку «паплыў». Працякае дах, ператвараючы ў пакуты жыццё насельнікаў верхнага паверха. Жыццё тых, хто жыве на першым паверсе, таксама не лепшае: вада зацякае проста ў пад'езд, і каб трапіць у кватэру, трэба пераскочыць вялізныя лужы.

І гэта яшчэ не ўсё: у будынку сламаныя вадасцёкавыя трубы. Мясцовыя жыхары звярталіся і на адмысловы сайт 115.бел, і ў «роднае» ЖЭУ №5. За два гады гэтая праблема так і не зрушылася з месца.

Дому ўжо нямала гадоў, яго збудавалі яшчэ ў 1957-м. Ен месціцца непадалёк ад чыгуначнага вакзала, у раёне з добра развітай інфраcтруктурай. Але жыць у ім дастаткова праблемна.

Пасля публікацыі  ў сацыяльных сетках відэароліка з наступствамі чарговага дажджу  насельнікам «мокрага» дома параілі звярнуцца ў гарвыканкам, камітэт дзяржкантроля і наўпрост у пракуратуру. Ініцыятыўная група ўжо рыхтуе звароты, бо «сезон дажджоў» яшчэ толькі пачаўся.

Арцём Плотнікаў