На Віцебшчыне карціна выглядае так: у арганізацыях, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіраваньня, запасы ў коштавым эквіваленце складаюць амаль 2,1 млрд рублёў, або 43,2% ад агульнага аб’ёму сярэднямесячнай вытворчасьці; у прадпрыемствах, падпарадкаваных мясцовым саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам, - 455 млрд рублёў, або 48,1%; у юрыдычных асоб бязь ведамаснай падпарадкаванасьці - 277,4 млрд рублёў, або 58,6%.
Сытуацыю з павелічэньнем складзкіх запасаў пракамэнтавала начальніца ўпраўленьня прамысловасьці Жанна Шарандо:
- Тут ёсьць шэраг аб’ектыўных прычынаў. Да прыкладу, у бягучым годзе адзначанае зьніжэньне сусьветных цэнаў на сухія малочныя прадукты. У выніку іх рэалізацыя на зьнешніх рынках запаволілася, біржавыя таргі па гэтых таварных пазыцыях на працягу 6 месяцаў адсутнічалі. Толькі 31 кастрычніка Мінсельгасхарч зьнізіў экспартныя цэны на буйныя партыі - ад 300 тонаў - сухога абястлушчанага малака, што дазволіла заключыць дамовы на яго пастаўку і забясьпечыць рэалізацыю.
У аб’ёмах складзкіх запасаў прадпрыемстваў абласнога падпарадкаваньня каля 63% прыпадае на прадпрыемствы ГА «Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты”». Хаця апошнім часам рэшткі ў мясной галіне скараціліся на 13 млрд рублёў, у малочнай галіне - на 32,2 млрд рублёў, зь іх сухога малака - на 31 млрд рублёў. Тым ня менш, як бачым, адсотак застаецца высокім. Сваю «лепту» у такую сытуацыю ўнесла лістападаўская забарона «Россельхознадзора» на ўвоз прадукцыі некаторых прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны рэгіёну ў Расею. Балазе, «санкцыі» падоўжыліся нядоўга, і сёньня ААТ «Віцебская бройлерная фабрыка» аднавіла пастаўкі. Аднак з-за дэвальвацыі расейскага рубля на суседнім рынку нам складана канкурыраваць па кошце тавараў, таму разгрузка складоў у грашовым эквіваленце прыносіць не такі вынік, якім ён мог бы быць у ранейшых эканамічных умовах.
Вялікі аб’ём запасаў на прадпрыемствах абутковай галіны, што абумоўлена сэзонным характарам вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі. Для забесьпячэньня бесьперабойных паставак абутку ў асартымэнце і задавальненьня попыту насельніцтва ствараецца неабходны рэзерв. Бо на Віцебшчыну прыходзіцца два абутковыя гіганты, адсюль і такі вынік. Апроч таго, у паказчык уключаюцца таварныя запасы крамаў, якія знаходзяцца на балянсе прамысловых прадпрыемстваў, дзе таксама варта мець у наяўнасьці шырокі дыяпазон тавараў.
На нядаўнім паседжаньні абласнога Савету дэпутатаў перад прадпрыемствамі Віцебшчыны, старшынямі райгарвыканкамаў была пастаўленая задача зрабіць усе неабходныя захады, каб у найбліжэйшыя тэрміны разгрузіць склады.
Паводле vitvesti.by