Пятніца, 27 Верасень 2024

Не было нават солі і запалак. Вяскоўцы з Докшыцкага раёна скардзяцца на кепскі асартымент у аўтакрамах.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У некаторых вёсках засталіся адно жыхары сталага ўзросту, якім складана дабірацца да стацыянарных крамаў у сваім або суседнім населеным пункце. Паратункам у такой сітуацыі становіцца аўталаўка – машына з таварамі першай неабходнасці, якая прыязжае па раскладзе і спыняецца ў зручным для вяскоўцаў месцы. Але не ўсё так аптымістычна, як магло б падацца на першы погляд. 

Нядаўна на Докшыччыне вырашылі «аптымізаваць» дзейнасць «аўтагандлю» і адмянілі паездкі ў тыя вёскі, дзе ёсць стацыянарныя крамы. Вырашылі, што людзям досыць і таго, што ёсць, не пацікавіўшыся іхнымі меркаваннямі.

Па шматлікіх скаргах маршруты аўталавак, якія былі адменены, усё-ткі аднавілі. Цяпер крамы на колах па-ранейшаму прыязжаюць у глыбінку двойчы на тыдзень. Аднак  асартымент тавару ў іх недастатковы. Гэта была вымушана прызнаць першая намесніца дырэктара Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства Ірына Савінава. «Што датычыцца асартыменту тавараў у аўтакрамах, на які рэгулярна скардзяцца вяскоўцы, то ён пакідае чакаць лепшага», - сказала яна карэспандэнту раённай газеты «Родныя вытокі». Але і пахвалілася, што запалкі і соль, якіх не было ў продажы, нарэшце з'явіліся.

Ірына Вяткіна