Паводле пракуратуры, выявіліся вялікія недахопы ў ажыццяўленні прафілактычнай дзейнасці з боку супрацоўнікаў РАУС. У прыватнасці, зафіксаваны шматлікія парушэнні закону пры вядзенні працы з грамадзянамі, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку. Заўважаны і парушэнні ў працы крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела пры правядзенні прафілактычнай працы з асуджанымі.
Пракуратура адзначае, што супрацоўнікі лёзненскага РАУС актыўна выкарыстоўваюць такю меру ўздзеяння, як вынясенне ахоўнага прадпісання ў дачыненні да асоб, якія здзяйсняюць правапарушэнні на бытавой глебе. Аднак вывучэнне такіх ахоўных прадпісанняў паказала, што пры афармленні дапускаюцца факты нядбайнасці.
Устаноўлены выпадкі і неналежнага выканання патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян, калі міліцыянты бяруць на сябе абавязкі, якіх не маюць па законе У прыватнасці, выяўлены факты прыняцця да працы зваротаў, разгляд якіх не адносіцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў. Гэта, прызнае пракуратура, і адцягвае супрацоўнікаў аддзела ад непасрэднай дзейнасці, і запавольвае вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах. Напрыклад, у РАУС паступіў зварот аб аказанні садзейнічання ў пагашэнні запазычанасці за квартплату з маці заяўніка. Міліцыянты заняліся гэтым пытаннем, хаця спагнанне запазычанасці за квартплату адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі, якая эксплуатуе жылы фонд арганізацыі, і дапускаецца толькі па падставах, прадугледжаных Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, і толькі ў судовым парадку. Пры гэтым зварот быў прыняты да разгляду, па выніках якога ўжо па заканчэнні месяца заяўніку быў дадзены адказ, што правесці працу з маці не прадставілася магчымым з прычыны працяглага знаходжання яе за межамі Рэспублікі Беларусь.
Або справа пра зварот аб тым, што брат заяўніка неналежна даглядае іх састарэлую маці. Пытанні прызначэння апекуноў і папячыцеляў састарэлых асоб, іншыя пытанні догляду за імі таксама да кампетэнцыі органаў унутраных спраў не адносяцца. Нягледзячы на гэта, зварот быў прыняты да разгляду і па ім праводзілася праверка.Больш за тое: міліцыянты ўзяліся праводзіць прафілактычныя гутаркі аб неабходнасці належнага догляду маці.
У той самы час супрацоўнікамі лёзненскага РАУС не заўсёды праводзіцца якасная працы па зваротах грамадзян, якія тычацца непасрэдна органаў МУС. Выяўлены факты неінфармавання заяўнікаў аб выніках разгляду іх зваротаў. Устаноўлены выпадак фактычнага не разгляду звароту грамадзяніна па сутнасці.
Паводле пракурора раёна, Лёзненскім РАУС на пастаяннай аснове парушаецца заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу па арт.10.20 КаАП (ухіленне бацькоў ад працаўладкавання паводле судовай пастановы). Супрацоўнікі РАУС безадказна ставяцца да збірання матэрыялаў адміністрацыйных справаў па гэтым артыкуле, у тым ліку не выконваюцца патрабаванні закону пры складанні пратаколаў апытання.
Факты працоўных парушэнняў з боку міліцыянтаў у Лёзненскім раёне пералічыла мясцовая раённая газета “Сцяг перамогі”. Але ў “раёнцы” найчасцей з’яўляюцца хвалебныя публікацыі на адрас міліцыянтаў. У адным з нядаўніх артыкулаў падкрэсліваецца, што на працу ў РАУС вельмі часта ўладкоўваюцца маладыя людзі, якія не маюць профільнай адукацыі. Іх вабяць неблагія па мерках райцэнтра заробкі. Ахвотным уладкавацца на працу тут заўсёды рады, бо міліцэйскіх кадраў у раёне бракуе.
Яўген Стэльмах