Паводле высноваў адмыслоўцаў, частка тэрыторый Пірагоўскага сельсавета, якая належыць розным арганізацыям, у літаральным сэнсе зарастае хмызамі. Гэта участкі ад 3-х да 5-ці гектараў, у тым ліку ўздоўж трасы М1 – галоўнай аўтамагістралі краіны. Ёсць на тэрыторыі сельсавета і закінутыя пабудовы, і хаты, што засталіся без гаспадароў. Пра ўсё гэта распавяла дубровенская раённая газета «Дняпроўская праўда». Праўда, не ўказаўшы, якія спагнанні за кепскае выкананне службовых абавязкаў атрымалі адказныя асобы.
Праблему засмечвання тэрыторый жыхары сельсавета ўздымалі і на сустрэчы з прадстаўнікамі Дубровенскага савета дэпутатаў. Людзі скардзіліся і на зарасці бур'яноў, і на смецце, якое ніхто не прыбірае, і на якасць вады, і на кепскую ўабяспечанасць таварамі мясцовай крамы райспажыўсаюза. Пра гэтую сустрэчу таксама выйшаў артыкул у раённай газеце. І зноўку – без канкрэтнай інфармацыі пра тэрміны ліквідавання праблем і адказных за гэта.
Са значна большым энтузіязмам «раёнка» піша ўзнёслыя тэксты пра «вёску – фундамент дзяржавы». Пірагоўскаму сельсавету сёлета споўнілася 100 гадоў, і гэтую дату ўрачыста адзначалі ў Сельскім доме культуры аграгарадка Якубава. Павіншаваць мясцовых жыхароў прыехалі намесніца старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Бабічаў, старшыня раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Ларыса Крыштопава... Напэўна, яны бачылі, на колькі недобраўпарадкавана тэрыторыя сельсавета, але не выказалі жадання з гэтым дапамагчы. На ўрачыстым пасяджэнні гучалі толькі ўхвальныя прамовы – згадвалі Аляксандра Лукашэнку і ягоныя словы пра «Страцім вёску – загубім дзяржаву», казалі пра важную ролю дэпутатаў сельскага савета, якія «ствараюць неабходныя ўмовы жыцця на тэрыторыі населеных пунктаў». Словы падзякі гучалі на адрас усіх старшыняў Пірагоўскага сельсавета ад самага моманту яго стварэння. Цяперашні старшыня Сяргей Уладзімірэнка, які ўзначальвае мясцовы савет ужо 15 год, зазначыў: «Заботой государства и Президента Республики Беларусь преображается жизнь деревни, и наша задача — сохранить лучшее из прошлого и на этой базе построить будущее для наших потомков».
І ніводнай згадкі пра наяўныя праблемы.
Андрэй Хмызняк