У спадчыну ад ліквідаванага калгасу і малочна-таварнай фэрмы ў Шылко засталася помпавая станцыя з воданапорнай вежай, яна і сілкавала тры вясковыя калёнкі. Вада была так сабе - зь зялезным прысмакам і пакідала моцны накіп на посудзе - аднак была.
Паводле расказаў вясковых жыхароў, на пачатку сьнежня падчас моцнага ветру ў Шылко ноччу некалькі разоў зьнікала электрычнасьць. Пасьля гэтай «рабінавай ночы» і перастала працаваць помпавая станцыя. Жыхары вёскі засталіся без уласнай крыніцы вады.
Звароты вяскоўцаў да кіраўніцтва сельсавету і мясцовага саўгасу з просьбай адрамантаваць помпу посьпехам не ўвянчаліся: начальства адказвала пэнсіянэрам, што ні тэхнічных, ні фінансавых сродкаў для рамонту ня маецца. Маўляў, выкручваецца самі. Нават цэнтралізаванага падвозу вады для людзей, якія жывуць тут, за месяц арганізаваць ніхто не знайшоў часу.
Пэнсіянэры, якія ўсё жыцьцё прапрацавалі ў сельскай гаспадарцы, яшчэ і цяпер трымаюць жывёлу: трусоў, кароў, у адной жанчыны ёсьць конь. Найбліжэйшая крыніца вады знаходзіцца ў суседняй вёсцы Скрыдлёва - да калёнкі, якая працуе, прыкладна паўтара кілямэтру ад Шылак. Ці пад сілу пажылым людзям, а найстарэйшай жыхарцы далёка за восемдзесят, нацягаць пры такой адлегласьці вады сабе і сваім гадаванцам?
Дзьмітрыеўна, якая пераехала сюды пры канцы 1980-х з Крыму - муж захацеў вярнуцца на Радзіму, распавядае, як выкручваюцца вяскоўцы, пра якіх забыліся улады:
- Ва ўсе ёмістасьці, якія ёсьць, зьбіраем дажджавую і адталую ваду. Вось цяпер пасьля адлігі і сьнегападу набегла - змагу прыбраць у пакоі. Дапамагае суседка, у якой ёсьць конь - прывезла бітон вады. Але ёй самой цяжка - акрамя каня самотная жанчына трымае яшчэ двух кароў, дык што даводзіцца прасіць жыхароў Скрыдлёва, каб яны загадзя набіралі для яе ваду. Сёньня прыяжджаў зь Віцебску сын, змаглі папоўніць запас вады.
Пажылая жанчына раз-пораз ня можа ўтрымаць сьлёзы:
- Мы ж нічога ні ў каго ня просім, сена і салому самі нарыхтоўваем. Але няўжо не заслужылі сваёй працай і падаткамі на старасьці хоць бы вады? Бо карове не патлумачыш, што зламалася помпа, яна не чалавек, які будзе трываць, яна просіць піць.
Адзін з жыхароў вёскі мае калодзеж, ён трохі ратуе, але піць такую ваду забараніла санстанцыя - вакол балота і вада небясьпечная для здароўя.
Паводле словаў вяскоўцаў праблемы з вадой у іх вёсцы назіраюцца амаль штогод, асабліва пасьля таго як у Шылках ня стала фэрмы. Аднак гэтым разам, па іх уражаньні, паломку ўжо ніхто не зьбіраецца ліквідаваць і мясцовых жыхароў проста кінулі на волю лёсу.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска